Зборная Украіны на футбольным чэмпіянаце Еўропы не змагла пераадолець групавы этап і выйсці ў плэй-оф. Украінцы гулялі ў квартэце «Е». Перад апошнім турам усе каманды групы мелі па тры ачкі. Пры гэтым у зборнай Украіны была найгоршая розніца мячоў. Выхад у плэй-оф камандзе магла гаратнаваць толькі перамога. Аднак сустрэча Украіна – Бельгія скончылася ўнічыю – 0:0. Іншая гульня ў групе таксама скончылася ўнічыю: каманды Славакіі і Румыніі згулялі з лікам 1:1. Усе каманды групы атрымалі па чатыры ачкі. У выніку зборная Украіны пакідае Еўра. На гэта паўплывала буйная параза на старце чэмпіянату ад румын 0:3.
А вось зборная Грузіі зрабіла неверагоднае. Для выхаду ў плэй-оф патрэбна была толькі перамога над Партугаліяй, і грузіны яе дамагліся – 2:0. Галы забілі Кварацхелія (на 2-й хвіліне) і Мікаўтадзэ (на 57-й, з пенальці). Для партугальцаў гульня нічога не вырашала – яны загадзя забяспечылі сабе выхад з групы з першага месца, але яны ўсё роўна лічыліся безумоўнымі фаварытамі. У 1/8 фіналу Грузія 30-га чэрвеня згуляе з Іспаніяй. Таксама ў першым раўндзе плэй-оф 29 чэрвеня згуляюць Швейцарыя і Італія, Германія і Данія, 30 чэрвеня
Англія і Славакія, 1 ліпеня Францыя – Бельгія, Партугалія – Славенія і
2 ліпеня Нідэрланды – Румынія, Аўстрыя – Турцыя.
Сасновіч не прайшла кваліфікацыю Ўімблдонскага тэніснага турніру
Беларуская тэнісістка 124-ы нумар сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч не здолела прабіцца ў фінал кваліфікацыі Уімблдонскага турніру. У другім кваліфікацыйным раўндзе беларуска сустракалася са 199-й ракеткай планеты харвацкай тэнісісткай Леа Башкавіч і саступіла ў трохсэтавым паядынку – 6:2, 4:6, 4:6. Без удзелу ў кваліфікацыі на кортах Уімблдона выступяць дзве прадстаўніцы Беларусі – Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка.
Хаслаханаў будзе адзіным прадстаўніком беларускай барацьбы на Алімпіядзе
Дзевяць з дзесяці беларускіх барцоў, якія адабраліся ў Парыж, не прымуць удзелу ў Алімпійскіх гульнях, паведамілі ў прэс-службе Беларускай федэрацыі барацьбы. Па выніках адборавага цыкла на Алімпіяду, які доўжыўся з верасня мінулага года па травень сёлетняга, пуцёўкі на Гульні атрымалі дзесяць беларускіх барцоў. Гэта Ванэса Каладзінская, Ірына Курачкіна, Вераніка Іванова, «вольнікі» Арыян Цютрын, Магамедхабіб Кадзімагамедаў, Аляксандр Гуштын і Дзяніс Храмянкоў, а таксама прадстаўнікі грэка-рымскага стылю Кірыл Маскевіч, Абубакар Хаслаханаў і Павел Глінчук.
Міжнародны алімпійскі камітэт агучыў спіс беларускіх атлетаў, запрошаных на Гульні ў Парыж. Была ўхвалена толькі заяўка Абубакара Хаслаханава.
Аладка, Матавілаў, Чабашак і Сміт пакінулі «Мiнск»
Беларус Іван Аладка, расеец Рыгор Матавілаў, славенец Якаб Чабашэк і амерыканец Зак Сміт пакінулі баскетольны клуб «Мінск». Раней паведамлялася, што «Мінск» у новым сезоне не будзе выступаць у Лізе BTБ. Чабашак і Сміт у мінулым сезоне выходзілі на пляцоўку ў стартавай пяцёрцы каманды.
Беларускае Радыё Рацыя






