
У нядзелю завяршыўся 88-ы чэмпіянат свету па хакеі.
У матчы за 3-е месца сустрэліся каманды суседзяў-скандынаваў. Роўнага змагання, на жаль, не атрымалася. Швецыя перамагла Данію 6:2 і 19-ы раз у сваёй гісторыі (больш за ўсіх!) заваявала бронзавыя медалі. Нагадаю, што і летась «трэ крунур» былі на трэцяй прыступцы п’едэсталу.
Фінальны матч паміж зборнымі ЗША і Швайцарыі стаўся вельмі незвычайным. Цягам трох перыядаў каманды так і не змаглі забіць, хоць амерыканцы мелі перавагу. Заўважым, што ў плэй-оф гельветы ў асноўны час не прапусцілі аніводнай шайбы. І ўсё вырашылася ў авертайме. У ім на 3-й хвіліне залаты гол аформіў форвард «зорна-паласатых» Тэйг Томпсан. Зборная ЗША ўпершыню ажно з 1960 года (!) здолела стаць чэмпіёнам, трэці раз у гісторыі. Швайцарцы другі год запар і 5-ы раз у гісторыі – сярэбраныя прызёры.
“Макслайн” працягвае сваё лідарства
У чэмпіянаце Беларусі па футболе прайшлі тры сустрэчы 10-га тура. Лідар першынства віцебскі «Макслайн» зноў перамог. У паядынку з «Мінскам» каманда Аляксандра Шагойкі спярша не рэалізавала пенальці, але ўсё ж перамагла – 2:1. «Маладэчна» працягвае сваё падзенне нават на дне – чарговая – ужо 10-я параза запар – на гэты раз дома ад «Слуцка» – 0:1. «Гомель» прымаў чэмпіёна – менскае «Дынама» і прайграў 0:1. Адзіны гол на рахунку Душана Бакіча.
Пасля 10 тура наперадзе па-ранейшаму «Макслайн» – 26 ачкоў, другім ідзе берасцейскае «Дынама» – 21, мазырская «Славія» і менскае «Дынама» маюць па 20 пунктаў.
Бронза “Манчэстэра сіці”
Прайшоў заключны тур чэмпіянату Англіі. Чэмпіён і сярэбраны прызёр («Ліверпуль» і «Арсенал») былі вядомыя заранёў, так што ў астатні дзень размяркоўваліся толькі месцы з 3-га па 7-е з адпаведным прадстаўніцтвам у еўракубках. «Манчэстэр сіці» перамог Фулхэм 2:0 і выйграў бронзу. Акрамя яго пуцёўкі ў Лігу чэмпіёнаў заваявалі таксама лонданскі «Чэлсі» і «Ньюкасл юнайтэд». Бірмінгемская «Астан Віла» выступіць у Лізе Еўропы, а «Нотынгем форэст» у Лізе канферэнцый. Лепшым бамбардзірам стаў ліверпулец Махамед Салах, які забіў 29 мячоў.
Апошнія квіткі ў Лігу чэмпіёнаў
У іспанскай прымеры мадрыдскі «Атлетыка» разграміў у Жыроне аднайменны клуб – 4:0. Чарговым хет-трыкам вызначыўся нарвежац Аляксандр Сёрлат. Каманда Дыега Сімеоне стала бронзавым прызёрам. Чацвертае месца заняў «Атлетык» з Більбао, які ў апошняй сустрэчы саступіў чэмпіёну – «Барселоне» – 0:3. Голавым дублем вызначыўся Роберт Левандоўскі. Усяго на рахунку польскага форварда 27 галоў. Больш забіў толькі Кіліян Мбапэ з мадрыдскага “Рэалу” – 31. Пятым у чэмпіянаце фінішаваў «Вільярэал». Усе згаданыя клубы выступяць у Лізе чэмпіёнаў.
Апошні дарагі квіток туды размяркоўвалі і ў Італіі. Яго здабыў турынскі «Ювентус», які адолеў у гасцях «Венецыю» – 3:2. «Рома» таксама выйграла свой матч, але будзе змушана задаволіцца Лігай Еўропы. А ў Лігу канферэнцый у апошні момант ускочыла «Фіярэнціна». Рымскі “Лацыё” надзвычай расчараваў сваіх заўзятараў, нечакана прайграўшы дома і замест еўракубкаў скаціўся ажно на 8-е месца.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя






