Зборная Англіі перамагла каманду Сербіі ў матчы групавога этапа чэмпіянату Еўропы-2024 у Германіі – 1:0. Каманды ўсталявалі антырэкорд EURO па ўдарах па браме за сустрэчу – 11. Гэтая статыстыка вядзецца з 1980 года. Таксама Англічане згулялі на нуль у пяці матчах запар на групавым этапе ЧЕ – гэта рэкорд чэмпіянатаў Еўропы.
Сёння ў праграме Еўра гульні Украіна – Румынія, Бельгія – Славакія і Францыя – Аўстрыя.
Карцоў дзякуючы хет-трыку ўзначаліў гонку бамбардзіраў Чэмпіяната Беларусі
У мінулыя выходныя прайшлі матчы 12-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе. Па яго выніках спіс бамбардзіраў узначаліў расейскі нападнік берасцейскага «Дынама» Ягор Карцоў. На яго рахунку 9 мячоў, 3 з якіх ён правёў у браму «Дняпра», калі яго каманда перамагла 6:1. Далей размяшчаюцца гульцы «Гомеля» Родзі Эфаге і «Іслачы» Аляксандр Шасцюк. На іх рахунку па 7 дакладных стрэлаў.
Мартыновіч прайшоў прагляд у «Кайраце» (Ібрагімаў)
36-гадовы беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч прайшоў медагляд у казахстанскім «Кайраце». Футбаліст падпіша кантракт з клубам на паўтара года. Раней беларус выступаў за расейскі «Рубін». У мінулым сезоне Мартыновіч правёў за казанцаў 22 матчы ва ўсіх турнірах, у якіх вызначыўся трыма забітымі мячамі. Пасля 11 матчаў «Кайрат» займае 3-е месца ў табліцы чэмпіянату Казахстана.
Сабаленка і Азаранка на ранейшых месцах, Шымановіч паднялася на 39 пазіцый у рэйтынгу WTA
Арына Сабаленка захавала за сабой трэцюю пазіцыю ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Перад стартам на турніры ў Берліне ў актыве найлепшай беларускай тэнісісткі – 7788 ачкоў. Яшчэ адна экс-першая ракетка планеты беларуска Вікторыя Азаранка засталася на 19-м месцы, а Аляксандра Сасновіч апусцілася з 98-га на 117-ы радок. Затое Ірына Шымановіч, якая дабралася да паўфіналу турніру ў Валенсіі, узнялася адразу на 39 пунктаў і займае зараз 235-ю пазіцыю. Першая ў рэйтынгу полька Іга Свёнтэк, другая амерыканка Коры Гаўф. Мужчынскі рэйтынг узначальвае італьянскі тэнісіст Янік Сінэр, найлепшы з прадстаўнікоў Беларусі Ягор Герасімаў знаходзіцца на 265-м месцы. Сёння ў стартавым паядынку турніру ў італьянскім Сасуола супернікам беларуса будзе прадстаўнік Рэспублікі Карэя Херард Кампана Лі, які займае 333-ю пазіцыю.
Беларускае Радыё Рацыя