BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зборная Фінляндыі адмовілася гуляць з Беларуссю дома

футбол

Стала вядома, што хатні матч Фінляндыі супраць Беларусі ў рамках футбольнай Лігі нацый адбудзецца на нейтральнай тэрыторыі.
Рашэнне па гэтым было прынятае 16 сакавіка на пасяджэнні Футбольнай асацыяцыі Фінляндыі з улікам рэкамендацый Міністэрства адукацыі і культуры і Міністэрства замежных спраў краіны.
Пра дакладнае месца правядзення сустрэчы 2 тура, якая павінна адбыцца 29 верасня, будзе аб’яўлена пазней.
У 1 групу лігі C акрамя беларусаў і фінаў таксама ўваходзяць зборныя Сан-Марына і Албаніі.

16 сакавіка ў менскім Доме футбола прайшло лёсаванне паўфіналаў Кубка Беларусі па футболе.
Першыя гульні запланаваныя на 15 красавіка, у адказ – на 29-га.
За выхад у фінал згуляюць:
«МЛ» Віцебск – «Дынама» Менск
«Славія» Мазыр – БАТЭ Барысаў
Фінал Кубка Беларусі-2026 адбудзецца 16 траўня на Нацыянальным футбольным стадыёне ў Менску.

Па выніках чвэрцьфіналаў колькасць прэтэндэнтаў на другое ад краіны месца ў першым адборавым раўндзе Лігі канферэнцый сезона 2026/27 скарацілася да двух.
БАТЭ зможа патрапіць у еўратурнір, калі выйграе Кубак.
У іншым разе пуцёўку атрымае «Славія»: альбо як пераможца Кубка, альбо, калі трафей возьме «МЛ» ці «Дынама» Менск, як каманда з трэцяга месца мінулага сезона.
Нагадаем, па выніках мінулага разыгрышу вышэйшай лігі чэмпіён «МЛ» трапіў у першы кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў, віцэ-чэмпіён «Дынама» Менск — у першую стадыю адбору Лігі канферэнцый.

Зборныя Ірака або ААЭ могуць замяніць Іран на чэмпіянаце свету-2026.
У разе, калі Іран здымецца з турніру, яго заменай, хутчэй за ўсё, стане каманда з Азіяцкай футбольнай канфедэрацыі (AFC), якая будзе бліжэй да кваліфікацыі на спаборніцтва.
Чакаецца, што гэта можа быць зборная Ірака, якая 31 сакавіка будзе гуляць з пераможцам пары Балівія – Сурынам у фінале міжканфедэрацыйнай кваліфікацыі чэмпіянату свету. Калі Ірак прайграе, ён зойме месца Ірана, а калі пераможа – наступнай азіяцкай камандай у чарзе будуць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія прайгралі ў фінале азіяцкай кваліфікацыі Іраку.

УЕФА паведаміў пра адмену Фіналісімы-2026.
Матч паміж чэмпіёнамі Еўропы зборнай Гішпаніі і пераможцамі Кубка Амерыкі зборнай Аргентыны павінен быў прайсці на стадыёне «Лусаіл» у Досе, Катар, 27 сакавіка.
Адзначаецца, што прычынай немагчымасці правядзення гульні ў Катары стала палітычная сітуацыя ў рэгіёне – канфлікт на Блізкім Усходзе.

У чвэрцьфінале беларускай хакейнай Экстралігі ўчора былі згуляныя другія матчы яшчэ дзвюх параў каманд.
«Віцебск» перамог жлобінскі «Металург» з лікам 4:2.
І з лікам 0:4 салігорскі «Шахцёр» прайграў «Гомелю».
І там і там лік у серыі да чатырох перамог параўняўся – 1:1.

«Абатсфард» на хатнім лёдзе саступіў «Хендэрсану» з лікам 5:7 у матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ.
23-гадовы беларускі нападнік гаспадароў Даніла Клімовіч выступаў на левым фланзе чацвёртага звяна.
На 44-й хвіліне ў большасці ён зарабіў асістэнцкі бал, а на 57-й хвіліне закінуў шайбу, якая стала апошняй для яго каманды ў гэтай гульні.
У выніку хакеіст набраў 2 (1+1) заліковыя балы, скончыў гульню з паказчыкам карыснасці «-1» і быў прызнаны другой зоркай сустрэчы.
У бягучым сезоне Клімовіч правёў 52 матчы, набраў 26 (13+13) ачкоў, зарабіў 58 хвілін штрафу і мае паказчык карыснасці «-20».

«Сэнт-Джон» дома саступіў «Галіфаксу» з лікам 4:5 у рэгулярным чэмпіянаце Галоўнай юніёрскай лігі Квэбэка QMJHL.
Беларускі брамнік «Сэнт-Джон» Арсень Радзькоў паўдзельнічаў у бойцы ў гэтым матчы. На 33-й хвіліне пры ліку 3:4 ён сышоўся ў баі з брамнікам «Галіфакса» Оўэнам Брэсанам. Пасля абодва гульцы былі выдаленыя да канца матчу.
На рахунку Радзькова па выніках гульні 19 сэйваў пасля 23 кідкоў.
Нагадаем, што Арсень з’яўляецца сынам футбольнага трэнера Арцёма Радзькова.

Аляксандра Сасновіч выйшла ў фінал кваліфікацыі турніру катэгорыі WTA-1000 у Маямі.
У паўфінальным паядынку 116-я ракетка свету з Беларусі перамагла 269-ю ракетку Айлу Аксу з Турцыі з лікам 2:0 – 6:4, 6:4.
За выхад у асноўную сетку Сасновіч сёння згуляе з 90-й ракеткай з Мексікі Рэнатай Сарасуа.
Нагадаем, дзеючай чэмпіёнкай турніру ў Маямі з’яўляецца Арына Сабаленка, якая ў фінале перамагла амерыканку Джэсіку Пегулу з лікам 2:0 – 7:5, 6:2.

21-гадовая беларуская тэнісістка Алена Фалей перамагла ў турніры серыі ITF W35 у туніскім Манасціры.
У фінале спаборніцтва 275-я ракетка свету абгуляла 352-ю ракетку амерыканку Хібах Шэйх з лікам 2:0 – 6:4, 6:2.

Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) апублікавала абноўлены рэйтынг арганізацыі.
Найлепшай па-ранейшаму з’яўляецца беларуска Арына Сабаленка. Аляксандра Сасновіч – 116-я, Ірына Шымановіч – 161-я, Вікторыя Азаранка – 195-я.
Алена Рыбакіна з Казахстана дэбютавала ў топ-2. Полька Іга Свёнтак спусцілася на трэці радок.
1. Арына Сабаленка (Беларусь) – 11 025 ачкоў
2 (3). Алена Рыбакіна (Казахстан) – 7 783
3 (2). Іга Свёнтак (Польшча) – 7 413
4. Коры Гаўф (ЗША) – 6 748
5. Джэсіка Пегула (ЗША) – 6 678
6. Аманда Анісімава (ЗША) – 6 180
7. Жасмін Пааліні (Італія) – 4 232
8 (9). Эліна Світоліна (Украіна) – 4 020
9 (10). Вікторыя Мбако (Канада) – 3 351
10 (8). Міра Андрэева (Расея) – 3 066
116. Аляксандра Сасновіч (Беларусь) – 701
161 (160). Ірына Шымановіч (Беларусь) – 461
195 (173). Вікторыя Азаранка (Беларусь) – 375

Таксама апублікаваны абноўлены рэйтынг ATP.
22-гадовы гішпанец Карлас Алькарас працягвае ўзначальваць сусветны рэйтынг.
У топ-10 адбыліся тры змены: Фелікс Ажэ-Альясім памяняўся 8-9 месцамі з Бэнам Шэлтанам, а Данііл Мядзведзеў выцесніў Аляксандра Бубліка з 10-га месца.
Становішча беларускіх тэнісістаў наступнае: Эрык Аруцюнян – 481-ы, Ілля Івашка – 698-ы, Данііл Астапенкаў – 746-ы, Мікалай Халак – 773-ы і Ягор Герасімаў – 867-ы.
1. Карлас Алькарас (Гішпанія) – 13 550 ачкоў
2. Янік Сінэр (Італія) – 11 400
3. Новак Джокавіч (Сербія) – 5 370
4. Аляксандр Звераў (Германія) – 4 905
5. Ларэнца Музэтці (Італія) – 4 365
6. Алекс дэ Мінаўр (Аўстралія) – 4 185
7. Тэйлар Фрыц (ЗША) – 4 170
8 (9). Фелікс Ажэ-Альясім (Канада) – 4 000
9 (8). Бэн Шэлтан (ЗША) – 3 860
10 (11). Данііл Мядзведзеў (Расея) – 3 610
481 (476). Эрык Аруцюнян (Беларусь) – 93
698 (701). Ілля Івашка (Беларусь) – 46
746 (754) . Данііл Астапенкаў (Беларусь) – 41
773 (775). Мікалай Халак (Беларусь) – 37
867 (827). Ягор Герасімаў (Беларусь) – 27

«Формула-1» абвясціла пра адмену Гран-пры Бахрэйна і Саўдаўскай Аравіі.
«З-за бягучай сітуацыі на Блізкім Усходзе гэтыя этапы, а таксама заезды «Формулы-2», «Формулы-3» і F1 Academy не адбудуцца ў запланаваныя тэрміны. Хоць альтэрнатыўныя варыянты і разглядаліся, замены гэтым этапам у красавіку не будзе», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве.
Нагадаем, Гран-пры Бахрэйна павінен быў адбыцца з 10 па 12 красавіка, а Саўдаўскай Аравіі – з 17-га па 19-га.
Такім чынам паміж этапамі ў Японіі (27-29 сакавіка) і Маямі (1-3 траўня) будзе амаль 5-тыднёвы перапынак, а сам сезон скароціцца да 22 гонак.

Беларускія спартоўцы заваявалі два медалі на зімовых Паралімпійскіх гульнях-2026 у Мілане і Корціне.
Абедзве ўзнагароды ўзяў Раман Свірыдзенка. Першай – стала золата ў спрынце ў лыжных гонках сярод мужчын (стоячы) 10 сакавіка. Другая – срэбра ў лыжнай гонцы на 10 км, якая адбылася 11 сакавіка.
Таксама на Гульнях выступілі беларускі Лідзія Лобан, Валянціна Бірыла і Дар’я Фядзьковіч.

Агулам нашая зборная ў медальным заліку заняла 17-е месца. Пераможцам стаў Кітай з 15 залатымі, 13 срэбнымі і 16 бронзавымі медалямі. Украіна – 7-я, Польшча – 21-я з 27 зборных, якія ўздымаліся на медальны п’едыстал.

З 9 па 15 сакавіка ў сербскім Зрэняніне прайшоў чэмпіянат Еўропы U-23 па барацьбе.
Усяго было разыграна 30 камплектаў медалёў – у мужчынскай вольнай, жаночай і грэка-рымскай барацьбе. На рахунку беларусаў дзевяць узнагарод – пяць залатых, дзве срэбныя і дзве бронзавыя.
Беларусь размясцілася на другім выніковым месцы ў агульным медальным заліку.
Адзначым таксама, што зборная Беларусі заняла першае месца ў камандавым заліку сярод жанчын. Тут другое месца заняла зборная Расеі, трэцяй стала Украіна.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя