Учора на сваім полі менскае «Дынама» без асаблівых складанасцяў перамог дзяржынскі «Арсенал» з лікам 2:0. І тым самы выйшаў на першае месца ў турнірнай табліцы. Зараз мінчане маюць 2 ачкі адрыву ад гарадзенскага «Нёмана», які ідзе другім, і 2 гульні ў запасе.
Пра тэніс. Арына Сабаленка трапіла ў розныя групы з полькай Ігай Свёнтак і амерыканкай Коры Гаўф на Выніковым турніры WTA. Учора адбылося лёсаванне турніру у адзіночным разрадзе. На яго адабраліся 8 найлепшых тэнісістак у адпаведнасці з рэйтынгам WTA. Яны падзелены на 2 групы па 4 ў кожнай. Дзе тэнісісткі згуляюць паміж сабою па адным матчы. Дзве найлепшыя з кожнага квартэта выходзяць у паўфінал, пераможцы якіх разыграюць тытул у фінале.
Турнір пройдзе з 2 па 9 лістапада 2024 года ў Эр-Рыядзе.
Вынікі лёсавання выглядаюць наступным чынам:
Фіялетавая група
Арына Сабаленка (№1 WTA)
Жасмін Пааліні (№4 WTA)
Алена Рыбакіна (№5 WTA)
Чжэн Цыньвэнь (№7 WTA)
Аранжавая група
Іга Свёнтак (№2 WTA)
Коры Гаўф (№3 WTA)
Джэсіка Пегула (№6 WTA)
Барбара Крэйчыкава (№13 WTA)
У расейскай Кантынентальнай хакейнай лізе ўчора менскае «Дынама» прайграла ў Чарапаўцы мясцовай «Северсталі» з лікам 2:5. І зараз займае 8-е месца ў Заходняй канферэнцыі.
Стала вядома імя новага трэнера «Манчэсцер Юнайтэд». «Спортынг» пацвердзіў, што галоўны трэнер каманды Рубен Амарым узначаліць каманду з Манчэсцера, паведаміў журналіст Бэн Джэйкабс. «Юнайтэд» заплацяць партугальскаму клубу 10 мільёнаў еўра адступных. Сам коўч ужо пагадзіўся ўзначаліць «МЮ». Ёсць верагоднасць, што 39-гадовы партугалец будзе ўзначальваць «МЮ» ўжо ў матчы з «Чэлсі», які пройдзе 3 лістапада. 30 кастрычніка «МЮ» згуляе з «Лестэрам» – гэта будзе першы матч каманды пасля адстаўкі Эрыка тэн Хага. Амарым узначаліў «Спортынг» вясной 2020 года. За гэты час ён двойчы выйграваў з клубам чэмпіянат Партугаліі. У гэтым сезоне пасля 9 тураў у актыве каманды 27 ачкоў і аднаасобнае лідарства ў турнірнай табліцы чэмпіянату.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя