BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Згуляныя 8 матчаў еўрапейскай кваліфікацыі да ЧС па футболе

Учора былі згуляныя 8 матчаў еўрапейскай кваліфікацыі да чэмпіянату свету па футболе 2026 года.

Казахстан на сваім полі з лікам 4:0 разграміў Ліхтэнштайн.

Бельгія згуляла ўнічыю 0:0 з камандай Паўночнай Македоніі.

Францыя перамагла Азербайджан з лікам 3:0.

Паўночная Ірландыя перайграла Славакію – 2:0.

Косава згуляла ўнічыю 0:0 са Славеніяй.

Германія з лікам 4:0 перамагла каманду Люксембурга. Пры тым, што тая з 20-й хвіліны грала ў меншасці.

Швецыя на сваім полі прайграла Швайцарыі з лікам 0:2.

І самы цікавы матч учора выдаўся ў сустрэчы Ісландыі і Украіны. На паўночнай выспе выдалася футбольная «перастрэлка» і з «хакейным» лікам 5:3 перамаглі нашы паўднёвыя суседзі з Украіны.

Чэмпіянат свету па футболе 2034 года, які мае адбыцца ў Саудаўскай Аравіі, хутчэй за ўсё правядуць у пачатку 2035 года. Аднак дакладныя даты яшчэ не вызначылі.

Як і ў выпадку з турнірам 2022 года ў Катары, прычына пераносу — спякотнае надвор’е ў рэгіёне, якое робіць немагчымым правядзенне спаборніцтваў улетку. У Катары чэмпіянат таксама перанеслі на лістапад—снежань, каб стварыць камфортныя ўмовы для гульцоў.

Аднак у 2034 годзе на гэты час прыпадае святы для мусульман месяц Рамадан, таму арганізатары разглядаюць варыянт правядзення турніру ў студзені—лютым 2035 года.

Прэзідэнт ФІФА Джані Інфанціна адзначыў, што сусветны футбол не можа абмяжоўвацца толькі летнім календаром паўночнага паўшар’я. Ён дадаў, што арганізацыя абмяркоўвае новыя тэрміны з нацыянальнымі лігамі і клубамі.

Паводле яго слоў, каб футбол быў сапраўды глабальнай гульнёй, неабходна ўлічваць розныя кліматычныя ўмовы: «У снежні нельга гуляць у адной частцы свету, а ў ліпені — у іншай, таму трэба шукаць баланс».

Моладзевая футбольная зборная Польшчы ўчора ў Катавіцах у адборавым матчы на чэмпіянат Еўропы 2027 года перамагла каманду Чарнагорыі з лікам 2:0. Другім голам у матчы адзначыўся форвард беластоцкай «Ягелоніі» Оскар Петушэўскі. Каманда Польшчы мае 3 з 3 перамог, розніцу галоў 9:0 і ўпэўненае першае месца ў сваёй групе Е.

У Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе ўчора быў згуляны перанесены матч 20 тура.
«Нёман» у Гародні прымаў койданаўскі «Арсенал». Дзякуючы голу Паўла Савіцкага на 76 хвіліне гульні мінімальную перамогу здабылі гарадзенцы. І такім чынам скарацілі адставанне ад 5-га месца да 5 ачкоў. Маючы 2 гульні ў запасе.

Адбыліся чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі з удзелам беларускіх гульцоў. «Чыкага» Арцёма Леўшунова саступіў «Бостану» у овертайме 3:4. Беларус правёў на лёдзе 17:01 (з іх 02:30 у большасці), набраў 1 (0+1) ачко – зрабіў трапную перадачу ў адным з галоў, нанёс 1 кідок, заблакаваў 1 кідок суперніка, зарабіў 4 хвіліны штрафу, і скончыў матч з паказчыкам карыснасці «0».

«Калгары» Ягора Шаранговіча буйна прайграў «Ванкуверу» – 1:5. Беларус правёў на лёдзе 15:59 (з іх 02:25 у большасці і 01:08 у меншасці), паўдзельнічаў у адным узяцці брамы гаспадароў, зрабіў трапную перадачу і набраў 1 (0+1) ачко, здзейсніў 2 кідкі (1 з іх міма), дапусціў 1 страту і скончыў матч з паказчыкам карыснасці «-1».

Першая ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка ў чвэрцьфінале турніра серыі WTA 1000 ў кітайскім Ухані перамагла 9-ю ракетку – прадстаўніцу Казахстана Алену Рыбакіну з лікам 2:0 – 6:3, 6:3. У паўфінале Арына сёння згуляе з 6-й ракеткай амерыканкай Джэсікай Пегулай.

Француз Артур Рындэркнэш (№54 ATP) выйшаў у паўфінал турніру ATP 1000 у Шанхаі.
У 1/4 фіналу ён адолеў канадца Фелікса Ажэ-Альясіма (№13 ATP) – 6:3, 6:4. Упершыню ў гісторыі два гульцы, якія не ўваходзяць у топ-50 рэйтынгу, выйшлі ў паўфінал турніру ATP 1000 у Шанхаі. Таксама гэта адбылося ўпершыню з 2017 года на турнірах «Мастэрс» на хардавым пакрыцці. Раней паўфіналістам у Шанхаі стаў тэнісіст з Манака Валентэн Вашэра (№204 ATP).

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя