BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Згуляныя матчы 6 тура ў футбольнай Лізе канферэнцый

12 снежня былі згуляныя матчы 6 тура ў футбольнай Лізе канферэнцыяў. Славенскі «Цэле» беларускага спецыяліста Івана Маеўскага згуляў унічыю 0:0 з ірландскім «Шэлбурнам». Беларускі форвард славенцаў Віталь Лісаковіч застаўся ў запасе. Кіеўскае «Дынама» ў Любліне перамагло армянскі «Ноа» з лікам 2:0. Данецкі «Шахтар» у Кракаве згуляў унічыю 0:0 з харвацкай «Рыекай».
Варшаўская «Легія» з лікам 4:1 перайграла гібралтарскі «Лінкальн». Чанстахоўскі «Ракуў» на Кіпры з лікам 1:0 перамог мясцовую «Амонію». Познаньскі «Лех» у Аламоўцы быў мацнейшы за чэшскую «Сігму» з лікам 2:1. І беластоцкая «Ягелонія», гуляючы з 64 хвіліны ў меншасці, пасля выдалення Афіміка Пулулу, выстаяла ў Нідэрландах супраць «АЗ Алкмаар». Лік – 0:0.

Такім чынам васьмёрка лідараў у Лізе канфернцыяў выглядае наступным чынам – французскі «Страсбур», польскі «Ракуў», грэцкі «АЕК», чэшская «Спарта», гішпанскі «Рая Вальякана», украінскі «Шахтар», нямецкі «Майнц» ды кіпрыёцкі «АЕК». Польскі «Лех» на 11 месцы, славенскі «Цэле» на 14, «Ягелонія» на 17, кіеўскае «Дынама» і варшаўская «Легія» на 27 і 28 месцах адпаведна.

Афіцыйна аб’яўленая дата і месца правядзення Фіналісімы-2026 – паядынку паміж чэмпіёнамі Еўропы і Паўднёвай Амерыкі. Уладальнік тытула Еўра зборная Гішпаніі згуляе супраць чэмпіёнаў Копа Амерыка – нацыянальнай каманды Аргентыны. Матч адбудзецца 27 сакавіка 2026 года на стадыёне «Лусаіл» у Досе (Катар). Пачатак гульні запланаваны на 19:00 па цэнтральнаеўрапейскім часе. Для гішпанскай зборнай гэта будзе дэбютны ўдзел у Фіналісіме. Зборная Аргентыны з’яўляецца самай паспяховай камандай у гісторыі гэтага турніру, маючы два тытулы з трох магчымых.

Таксама ў Досе адбылося пасяджэнне Савета ФІФА. Па яго выніках было вызначана размеркаванне прызавых сродкаў для асацыяцый, чые зборныя прымуць удзел у фінальнай частцы чэмпіянату свету 2026 года. Як паведамляе ФІФА, у агульнай складанасці паміж 48 удзельнікамі турніру будзе размеркавана 727 мільёнаў даляраў ЗША – на 50% больш, чым па выніках ЧС-2022 у Катары, у якім удзельнічалі 32 каманды. 72 мільёны даляраў з гэтай сумы будуць размеркаваны паміж усімі 48 удзельнікамі турніру ў роўных долях – па 1,5 мільёна для кожнай асацыяцыі на пакрыццё расходаў на падрыхтоўку да спаборніцтваў. Прызавы фонд турніру складзе 655 мільёнаў даляраў.
Нацыянальная футбольная асацыяцыя за перамогу каманды на ЧС-2026 атрымае 50 мільёнаў.

Размеркаванне прызавых за ЧС-2026:
Чэмпіён – 50 мільёнаў даляраў ЗША;
Фіналіст – 33 млн;
Бронзавы прызёр – 29 млн;
Удзельнік матча за 3-е месца – 27 млн;
Чвэрцьфіналісты – 19 млн;
Удзельнікі 1/8 фіналу – 15 млн;
Удзельнікі 1/16 фіналу – 11 млн;
Удзельнікі групавога этапа турніру – 9 млн;

Такім чынам, кожная з 48 асацыяцый атрымае як мінімум 10,5 млн даляраў ад ФІФА за выхад на ЧС-2026. Нагадаем, што турнір пройдзе з 11 чэрвеня да 19 ліпеня 2026 года ў ЗША, Канадзе і Мексіцы.

Учора жаночай спрынтарскай гонкай стартаваў трэці этап Кубка свету па біятлоне ў французскім Ансі.

Перамогу здабыла шведка Ханна Эберг. Другой стала францужанка Лу Жанмано, трэцяй фінішавала італьянка Даратэя Вірэр.

1. Ханна Эберг (Швецыя) – 19.24,9 (0)
2. Лу Жанмано (Францыя) – +3,3 (0)
3. Даратэя Вірэр (Італія) – +11,4 (0)
4. Ліза Вітоцы (Італія) – +14,9 (0)
5. Паўліна Батоўска-Фіялкава (Славакія) – +16,2 (0)
6. Суві Мінкінен (Фінляндыя) – +27,0 (0)
7. Жусцін Брэзаз-Бушэ (Францыя) – +27,5 (1+0)
8. Каралінэ Кнотэн (Нарвегія) – +30,1 (0)
9. Марэн Кіркеэйдэ (Нарвегія) – +41,5 (0+1)
10. Дзідра Ірвін (ЗША) – +44,4 (0)

Эберг дамаглася першай індывідуальнай перамогі ў Кубку свету з 19 сакавіка 2023 года (мас-старт у Халменколене), перапыніўшы серыю з 1005 дзён без перамог. На фінішы шведская біятланістка апярэдзіла францужанку Лу Жанмано на 3,3 секунды.

У беларускай хакейнай Экстралізе былі згуляныя астатнія матчы 34 тура рэгулярнага чэмпіяната.
«Магілёў» саступіў аршанскаму «Лакаматыву» з лікам 2:4. Наваполацкі «Хімік» з такім самым лікам 4:2 перамог «Дынама-Маладэчна». З аналагічным лікам на табло «Віцебск» перайграў «Брэст».
І, вы будзеце здзіўленыя, «Гомель» у Гародні перайграў па булітах «Нёман» з лікам – 3:2. Такім чынам па выніках 34 тураў лідарам па-ранейшаму з’яўляецца менскае «Юнацтва», у якога 58 ачкоў, другой з 49 ачкамі ідзе «Ліда» і на трэцюю пазіцыю з 47 ачкамі ўзняўся жлобінскі «Металург». 

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя