
Першае золата Алімпіяды 2026, якая праходзіць у Італіі ў Мілане і Карціна-д’Ампеца выйграў у хуткасным гарналыжным спуску швайцарац Франьа фон Альмен.
Срэбра ўзяў італьянец Джавані Францоне з адставаннем 0,2 секунды, бронза таксама ў італьянца Дамініка Парыса (+0,5 секунды).
Падчас спуску хуткасць лыжнікаў дасягала 146 км/г.
Шведка Фрыда Карлсан выйграла золата ў скіатлоне, беларуска Ганна Каралёва – 34-я з адставаннем на 6 хвілін ад пераможцы. Дзяўчаты беглі на лыжах 10 км класічным стылем, потым мяняюць лыжы і бягуць 10 км вольным (або каньковым) стылем.
Жанчыны
Скіятлон
1. Фрыда Карлсан (Швецыя) – 53.45,2
2. Эба Андэрсан (Швецыя) – 51,0
3. Хайдзі Венг (Нарвегія) – 1.26,7
34. Ганна Каралёва (Беларусь) – 6.00.
Шведская лыжніца Эба Андэрсан зламала свой срэбны медаль Алімпійскіх гульняў.
Андэрсан пашкодзіла ўзнагароду неўзабаве пасля цырымоніі, калі пабегла віншаваць пераможцу – сваю суайчынніцу Фрыду Карлсан. Медаль разваліўся на дзьве часткі.
Упершыню ў гісторыі зборная Швецыі заваявала два медалі ў жаночым скіатлоне на Алімпіядзе. Раней гэтую краіну на п’едэстале прадстаўляла толькі адна спартоўка.
У аўторак Ганна Каралёва возьме ўдзел у спрынце ў класічным стылі, але каб трапіць у 1/4 фіналу, трэба паспяхова прайсці кваліфікацыю. У чацвер пройдзе гонка вольным стылем на 10 кіламетраў з раздзельным стартам.
Нагадаем, спартоўцы з Беларусі выступаюць у статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN). Абмежаванні ад Міжнароднага алімпійскага камітэта звязаныя з вайной, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расеяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
У спаборніцтвы па канькабежным спорце сярод жанчын на дыстанцыі 3000 метраў Беларуска Марына Зуева заняла 15-е месца, паказаўшы час 4 хвіліны 7,09 секунды. Усяго на старт выходзілі 20 спартовак.
Найлепшым вынікам Зуевай у сезоне 2025/2026 перад Алімпійскімі гульнямі – стала 8-е месца на дыстанцыі 3000 метраў на этапе Кубка свету ў Хамары (Нарвегія). Таксама яна паказала 10-ы вынік у свеце (3:59,88) на гэтай жа дыстанцыі на этапе Кубка свету ў Солт-Лэйк-Сіці.
Золата Алімпіяды заваявала італьянка Франчэска Лолабрыджыда. Яе вынік — 3.54,28, гэта алімпійскі рэкорд. Дарэчы, акурат у гэты дзень ў яе быў дзень народзінаў — спартоўцы споўнілася 35 гадоў.
Срэбра дасталася нарвежцы Рагнэ Віклунд (3.56,54), бронза — канадцы Валеры Мальтэ (3.56,93).
Японская сноўбардыстка Тамока Такеўчы ўстанавіла рэкорд зімовых Алімпіяд па колькасці выступленняў на Гульнях.
Алімпійскія гульні ў Мілане сталі для 42-гадовай спартоўкі сёмымі запар у кар’еры.
Гэта дазволіла японцы стаць першай жанчынай-спартоўкай, якая прыняла ўдзел у сямі запар зімовых Алімпіядах.
Такеўчы дэбютавала на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці ў 2002 годзе.
На яе рахунку алімпійскае срэбра 2014 года. Турнір у Мілане яна завяршыла на стадыі кваліфікацыі, заняўшы 22-е месца.
Раней была інфармацыя, што пасля гэтага сезона яна завершыць кар’еру.
Учора на Алімпійскіх гульнях стартавалі спаборніцтвы па біятлоне.
У змешанай эстафеце перамогу святкавала каманда Францыі, Італія стала другой, Германія – трэцяй. Украіна – 8-й. А Польшча – 9-й.
Такім чынам па выніках двух дзён алімпіяды ў медальным заліку лідзіруе Нарвегія, у якой 3 золаты, адно срэбра і дзьве бронзы. Следам ідзе каманда ЗША, у якой два залатыя медалі і на трэцім радку каманда гаспадароў Алімпіяды, у якой адно золата, два срэбра і ажно 6 бронзавых медалёў. Каманды Беларусі, Польшчы і Украіны пакуль медалёў у сваёй скарбонцы ня маюць.
Зборная Гішпаніі па футзале перамагла Партугалію ў фінале чэмпіянату Еўропы 2026 з лікам 5:3.
За 5 хвілін да канца гульні лік быў 3:3, але гішпанцы змаглі забіць двойчы і вырваць перамогу.
Гішпанія ўпершыню з 2016 года выйграла Еўра, да гэтага турнір двойчы запар выйгравала менавіта Партугалія.
У матчы за трэцяе месца Харватыя ў серыі пасляматчавых пенальці з лікам 6:5 перайграла Францыю.
У польскай футбольнай Экстракласе беластоцкая «Ягелонія» перамагла свой першы ў гэтым годзе матч пры сваіх заўзятарах. З буйным лікам 4:1 быў адужаны «Матор» з Любліна. А перад тым тысячы верных фанатаў «Ягелоніі» зладзілі «Свята ультры» і прайшлі маршам ад гарадской ратушы да «Хортэн Арэны» пры вуліцы Сланечнай.
Галамі ў матчы адзначыліся Афіміка Пулулу, баснійскі навічок каманды Самед Баждар, Хесус Імас ды нязменны капітан каманды – украінец Тарас Раманчук.









Дзякуючы гэтай перамозе «Ягелонія» ўзнялася на першы радок і адзінаасобна ўзначаліла турнірную табліцу чэмпіяната Польшчы па футболе.
А «КГС» у Катавіцах з лікам 1:0 перайграў «Відзэў» з Лодзі. Беларускі форвард «гексы» Ілля Шкурын выйшаў на 71 хвіліне і паспеў забіць гол амаль з цэнтра поля, што праўда зрабіў гэта ўжо пасля свістка суддзі пасля парушэння правілаў.
Дзякуючы гэтай перамозе «ГКС» узняўся на 10 радок табліцы.
«Абатсфард» перапыніў серыю з чатырох паразаў у АХЛ. Каманда абгуляла «Сан-Хасэ» з лікам 2:1.
Нападнік з Беларусі Даніла Клімoвіч вывеў «Абатсфард» наперад. Форвард завяршыў сустрэчу з нейтральным паказчыкам карыснасці і быў прызнаны трэцяй зоркай матча.
Усяго ў яго 16 (7+9) дзейсных балаў у сезоне, дзе ён правёў 39 гульняў.
Беларускі брамнік каманды Мікіта Талапіла прызнаны першай зоркай, ён адбіў 39 кідкоў з 40.
Беларускі цяжкавагавік Андрэй Арлоўскі стаў чэмпіёнам лігі баёў на голых кулаках BKFC.
46-гадовы баец святкаваў датэрміновую перамогу над Бэнам Ротвелам.
Паядынак завяршыўся да фінальнага гонгу.
Раней байцы сыходзіліся ў клетцы па правілах ММА пад эгідай Affliction і UFC, і абодва разы мацней аказваўся Арлоўскі.
Былы чэмпіён UFC у цяжкай вазе завяршыў выступы ў найбуйнейшым прамоўшэне свету ў 2023 годзе.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






