Беластоцкая «Ягелонія» абвясціла пра першую кадравую страту ў зімовае трансфернае акно. З клуба сыходзіць цэнтральны абаронца Джэтмір Халіці, які за год выступаў за каманду ў 14 афіцыйных матчах. Новым клубам Халіці стане чэшскі «Млада Баляслаў», з якім «Ягелонія» сустракалася ў рамках Лігі Канферэнцый. «Ягелонія» плануе пачаць трэніровачны збор у Турцыі ўжо 9 студзеня.
Сабаленка ў фінале турніру ў Брысбене
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў фінал прэстыжнага турніру WTA-500 у аўстралійскім Брысбене. У паўфінальным паядынку яна за паўтары гадзіны ўпэўнена перамагла 17-гадовую расейку Міру Андрэеву, якая займае 16-е месца ў сусветным рэйтынгу — 6:3, 6:2. У вырашальным матчы Сабаленка сустрэнецца з яшчэ адной расейкай — Палінай Кудэрметавай, якая перайграла ўкраінку Ангеліну Калініну. Турнір у Брысбене завяршыцца заўтра. Для Сабаленкі гэта ўжо другі выхад у фінал гэтага турніру запар. Летась яна саступіла прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай.
Падстрэлаў працягне кар’еру ў Албаніі
Паўабаронца менскага «Дынама» Дзмітрый Падстрэлаў перайшоў у албанскі «Партызані», які выступае ў вышэйшай лізе краіны. Кантракт разлічаны на паўтара года. У мінулым сезоне Падстрэлаў правёў 38 матчаў за менскі клуб, забіўшы сем мячоў і аддаўшы пяць галявых перадач. На дадзены момант «Партызані» займае першае месца ў чэмпіянаце Албаніі пасля 19 тураў.
Вінісіус Жуніёр можа прапусціць дзве гульні за чырвоную картку
Кіраўніцтва мадрыдскага «Рэала» плануе падаць апеляцыю на рашэнне аб выдаленні Вінісіуса Жуніёра ў матчы супраць «Валенсіі». Падчас перанесенай гульні Ла Лігі нападнік атрымаў чырвоную картку за тое, што штурхнуў галкіпера суперніка ў галаву. Згодна з паведамленнямі іспанскай прэсы, бразільцу пагражае дыскваліфікацыя на дзве гульні. Канчатковае рашэнне чакаецца ў найбліжэйшыя дні.
«Дынама-Мінск» сустрэнецца з «Тарпеда»
Менскае хакейнае «Дынама» правядзе сёння свой першы матч у 2025 годзе ў рамках рэгулярнага чэмпіянату КХЛ. Супернікам «зуброў» стане ніжагародскае «Тарпеда». Мінчане падыходзяць да гэтай сустрэчы ў выдатнай форме, выйграўшы шэсць з апошніх сямі матчаў. Матч пройдзе ў Ніжнім Ноўгарадзе. На матч заяўлены 27 хакеістаў «Дынама», уключаючы трох брамнікаў, восем абаронцаў і шаснаццаць нападнікаў. Наступная сустрэча гэтых каманд адбудзецца ўжо 6 студзеня ў «Мінск-Арэне».
Беларускае Радыё Рацыя