На чэмпіянаце свету па плаванні ў горадзе Доха беларускія спартоўкі Аліна Змушко і Анастасія Шкурдай кваліфікаваліся ў паўфінальныя заплывы.
Вынік беларускі на дыстанцыі 100 м брасам у 1:06,77 секунды на дзве сотыя секунды перавысіў алімпійскі нарматыў. Шкурдай паказала 12-ы час на дыстанцыі 100 м на спіне (1.01,43). Заплывы за выхад у фінал адбудуцца сёння ўвечары.
“Вашынгтон” з Протасам саступіў Ванкуверу
“Вашынгтон” на хатняй арэне ў авертайме пацярпеў паразу ад “Ванкувера” ў матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ — 2:3. У гаспадароў беларускі форвард Аляксей Протас правёў на лёдзе 16 хвілін 16 секунд і не набраў выніковых балаў. Лідар «Кэпіталз» Аляксандр Авечкін закінуў сваю 835-ю шайбу ў НХЛ і скараціў адставанне ад Уэйна Грэцкі, які з’яўляецца лепшым снайперам у гісторыі лігі, да 59 галоў. “Вашынгтон” з 54 ачкамі ідзе 11-м у табліцы “Усходу”, “Ванкувер” з 76 баламі лідыруе на “Захадзе”.
Сацішвілі прызнаны лепшым пачаткоўцам 22-га тыдня КХЛ
Камісія па вызначэнні лепшых хакеістаў КХЛ назвала найлепшых гульцоў мінулага тыдня рэгулярнага чэмпіянату. Найлепшым пачаткоўцам прызналі форварда менскага “Дынама” Данііла Сацішвілі, які набраў 3 (2+1) ачкі ў трох матчах. Да намінацыі «найлепшы пачатковец» КХЛ Данііл Сацішвілі запісвае на свой рахунак яшчэ адзін поспех – яго гол у брамку ЦСКА ўвайшоў у топ-5 мінулага тыдня. Гульня прайшла на лёдзе “Мінск-Арэны” і завяршылася перамогай менскага “Дынама” з лікам 4:1.
“Барселона” страціла ачкі ў матчы з аўтсайдарам “Гранадай”
“Барселона” згуляла ўнічыю з “Гранадай” у матчы 24-га тура чэмпіянату Іспаніі — 3:3. Дублем адзначыўся малады нападнік “Барсы” Ламіль Ямаль. “Барселона” з 51 ачком ідзе трэцяй у табліцы, адстаючы ад “Жыроны” на пяць балаў, ад “Рэала” — на 10. “Атлетыка” прайграў “Севілье” 0:1, адстаўшы ад “Рэала” на 13 ачкоў. “Мілан” на хатняй арэне адолеў “Напалі” ў матчы 24-га тура чэмпіянату Італіі — 1:0 і з 52 ачкамі ідзе трэцім у табліцы, адстаючы ад “Ювентуса”, які правёў на сустрэчу менш, на адзін бал. У “Напалі” 35 ачкоў і дзявятая пазіцыя. “Манчэстэр Юнайтэд” на выездзе абыграў “Астан Вілу” ў матчы 24-га тура чэмпіянату Англіі — 2:1. Датчанін Расмус Хэйлунд, які забіў першы мяч за «МЮ», вызначыўся ў пятым паядынку запар. “Манчэстэр Юнайтэд” з 41 ачком займае шостае месца ў табліцы, у “Астан Вілы” 46 балаў і пятая пазіцыя.
Кот-д’Івуар перамог на Кубку афрыканскіх нацый
Зборная Кот-д’Івуара перамагла каманду Нігерыі ў фінале Кубка Афрыкі – 2:1. Вырашальны мяч на 81-й хвіліне забіў нападнік Себасцьен Алер. Івуарыйцы трэці раз у гісторыі ўзялі трафей, раней “сланы” перамагалі ў 1992 і 2015 гадах. Трэцяе месца на Кубку Афрыкі заняла зборная ПАР, якая ў серыі пенальці перайграла каманду ДР Конга (0:0, пен. – 6:5).
У Балгарыі стартуе чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы з удзелам беларусаў
У сталіцы Балгарыі Сафіі стартуе чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы, удзел у якім у нейтральным статусе прымуць беларускія штангісты. На кантынентальным форуме выступяць больш за 350 спартоўцаў з 41 краіны Еўропы, а таксама 15 атлетаў з ЗША. Беларускую каманду прадставяць 13 штангістаў – сямёра мужчын і шасцёра дзяўчат. Кантынентальны форум у Балгарыі – адзін з пяці абавязковых кваліфікацыйных стартаў, на якіх фармуецца сусветны рэйтынг для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы. Ліцэнзіі на Алімпіяду атрымаюць штангісты, якія завершаць адборавы перыяд з вынікамі ў дзясятцы наймацнейшых у сваёй вагавой катэгорыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Telegram / НАК Беларусі