BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Знакамітыя шахматысты з Беларусі

У гэтым артыкуле раскажам пра знакамітых у свеце шахматыстах, якія нарадзіліся ці былі звязаныя лёсам з Беларуссю.

Першым у гэтым шэрагу быў і застанецца Давыд Яноўскі, адзін з мацнейшых шахматыстаў свету свайго часу. Яго называлі апошнім рамантыкам шахмат.

Давід Яноўскі нарадзіўся 25 траўня 1868 года ў Ваўкавыску. Паходзіў з габрэйскай сям’і Маркела і Ханы Яноўскіх. Брат – Хаім Яноўскі таксама стаў шахматыстам, жыў у Лодзі (Польшча). У 23 гады Давід пакінуў радзіму і выправіўся ў Францыю. Нават не атрымаўшы сур’ёзнай адукацыі, Давыд Яноўскі вольна гаварыў на некалькі мовах, што вельмі дапамагло яму інтэгравацца ў тагачаснае заходняе грамадства. Прыехаўшы ў Парыж маладым чалавекам, ён хутка ўразіў прыхільнікаў старажытнай гульні яркім камбінацыйным падыходам да шахмат. Выйграўшы галоўны прыз у прэстыжным “Кафэ дэ ля Рэжанс”, Яноўскі пасля выступаў практычна на ўсіх буйных шахматных спаборніцтвах свайго часу.

Кафэ Рэжанс у Парыжы

Лепшы перыяд шахматнай творчасці прыпаў на перыяд паміж 1898 і 1906 гадамі. Да пачатку першай сусветнай вайны выступаў на спаборніцтвах за Расею, потым за Францыю. Сярод тых, каго перамагаў Яноўскі, усе мацнейшыя шахматысты таго часу, у тым ліку і чэмпіён свету Эмануіл Ласкер. 13 ліпеня 1896 года Яноўскі першы раз перамог Ласкера на турніры ў Нюрнбергу і стаў сябрам сімвалічнага клубу пераможцаў чэмпіёнаў свету Міхаіла Чыгорына. У траўні 1909 года ён гуляў з чэмпіёнам свету кароткі камерцыйны матч, прызавы фонд якога забяспечыў шахматавы мецэнат Лео Нардус. Вынік матчу нічыйны – 2-2, што дазволіла ўпісаць імя Яноўскага ў рэестр сімвалічнага клубу Гары Пільсберы.

Яноўскі супраць Ласкера

Вяршыняй яго кар’еры сталі два матчы за карону чэмпіёна свету, якія ён згуляў у 1909-ым і ў 1910-ым гадах супраць Эмануіла Ласкера. Яноўскі перамагаў усіх мацнейшых шахматыстаў свету, але ў матчах за тытул яму забракла “халоднай галавы”, стыль атакі, які вызнаваў гэты майстар, не прызнаваў абачлівасці, дадатковай разважлівасці і стрыманасці, часта ён ішоў на неапраўданую рызыку і заўсёды гуляў толькі на перамогу. Чэмпіён свету Ласкер наўмысна ствараў “прэсныя” пазіцыі, усяляк “засушваў” партыі, не даючы Яноўскаму разгарнуць імправізацыю напоўніцу. Зразумела, што закончаны рамантык прайграў, так і ня стаўшы чэмпіёнам свету.

Ласкер так казаў пра Яноўскага: “Яноўскі быў вялікім шахматыстам, але пасрэдным спартоўцам і слабым псіхолагам”.

Па ўспамінах сучаснікаў Яноўскі вылучаўся таксама неадольнай цягай да азартных гульняў. Ягоным фанатычным захапленнем былі карты, ён гуляў у брыдж і покер, і часцяком прайграваў усе заробкі, што прыносілі яму шахматы. Ведамы факт, як у 1901 годзе ён спусціў у казіно Монтэ-Карла ўсе свае прызавыя грошы. Такое здаралася неаднойчы.

У гісторыі шахмат Давід Яноўскі застаўся непапраўным рамантыкам, што датычыць “гістарычнага следу”, то ён зрабіў значны ўнёсак у развіццё дэбютнай тэорыі, пакінуў багатую шэдэўральную спадчыну. Разбіранне партый з удзелам Яноўскага, якія засталіся ў хрэстаматыйных зборніках, прынясуць вам асаблівую асалоду.

Мангейм, 1914 год

Пасля Мангеймскага турніру 1914 года Давід Яноўскі пераехаў у Амерыку, дзе пражыў ажно дзесяць гадоў. Спярша ў Новым свеце ён быў трэцім па сіле шахматыстам пасля кубінца Хасэ-Рауля Капабланкі і Фрэнка Маршала, але спакваля новыя маладыя майстры сталі яго перамагаць. Часамі Яноўскі дэманстраваў ранейшы яркі стыль гульні. Клімат Нью Ёрку стаўся кепскім для здароўя маэстра, ён захварэў і ўрэшце быў змушаны вярнуцца ў Еўропу. У Францыі пражыў яшчэ два гады. Памёр 15 студзеня 1927 года ў горадзе Ер, куды прыехаў для ўдзелу ў турніры.

На радзіме адзін з выдатнейшых майстроў у гісторыі шахмат не ўшанаваны ніяк. У Ваўкавыску ў час дэмакратычнай адлігі была ідэя ўшанаваць Яноўскага, нібыта быў знойдзены нават дом, дзе ён жыў, але далей справа не пасунулася.

Беларускі шахматыст, гросмайстар Віктар Купрэйчык нарадзіўся ў Менску 3 ліпеня 1949 года. Паводле адукацыі журналіст. У маладосці ў складзе студэнцкай зборнай каманды СССР стаў пераможцам чэмпіянатаў свету 1968, 1969 і 1974 гадоў. Некаторы час быў наймаладзейшым шахматным майстрам у СССР, у гэтым статусе выйграў адкрытае першынство спартовага таварыства «Спартак» (Менск, 1966 год). Двойчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі, прычым з інтэрвалам ажно трыццаць гадоў (1972 і 2003 гады). Пераможца Усесаюзнага турніру маладых майстроў (1970 і 1974). Удзельнік васьмі чэмпіянатаў СССР (1969-1987); лепшыя на іх вынікі: 1979 – 5-7-е месца; 1980/1981 – 6-9-е; 1987 – 8-11-е месцы.

Віктар Купрэйчык паспяхова выступіў у шэрагу буйных міжнародных спаборніцтваў: Рыга (1967, юнацкі турнір), Тршынец (1967) і Сомбар  (1970), Дортмунд (1975), Вейк-ан-Зее (1977), Кіравакан (1978), Рэйк’явік і Медына-дэль-Кампа (1980), Гасцінгс (1981/82), Нью-Дэлі (1982), Барселона (1984), Зрэнка (1985), Львоў (1986), Вініпег (1986, 52 удзельнікі) – 1-2-е месца; Заходні Берлін (1987), Мальмё (1987/1988). Агулам згуляў больш 4 тысяч партый.

Купрэйчык займаўся шахматамі з 1959 года ў шахматнай секцыі Мінскага палаца піянераў, у майстра спорту Абы Шагаловіча. Шасцікласнікам, ва ўзросце 12 гадоў, удзельнічаў у чэмпіянаце Мінска сярод дарослых, быў чэмпіёнам Беларусі сярод школьнікаў. У 2003 годзе Купрэйчык казаў, што «вучыўся розуму» ў Гаўрылы Верасава і Ісака Баляслаўскага, вядомых майстроў і кампазістаў, захапляўся партыямі экстравагантнага і рамантычнага Міхаіла Таля. Вядомы шахматны трэнер Юрый Муйвід параўноўвае востракамбінацыйны стыль юнага Купрэйчыка з талеўскім. Можна параўнаць яго таксама са стылем легендарнага Давыда Яноўскага.

Віктар Купрэйчык паспяхова выявіў сябе як трэнер і арганізатар, быў надзвычай рознабаковай асобай. Так у 1980-х гадах быў секундантам гросмайстра Васіля Смыслова, у 2010-х даваў урокі шахмат у мінскай СДЮШАР-11, працаваў з таленавітымі юнакамі. Сярод яго вучняў – міжнародны гросмайстар Уладзімір Раманенка, міжнародны майстар Міхаіл Нікіценка. Цікавіўся, гісторыяй, мастацтвам, літаратурай. У савецкі час Купрэйчык загадваў шахматным аддзелам у газеце «Знамя юности», вёў тэлеперадачы для шахматыстаў на Беларускім Тэлебачанні. Браў удзел у выданні шахматнай літаратуры ў Беларусі; рэцэнзаваў кнігі, выступіў як суаўтар зборнікаў «Г. Н. Вересов» (2002, разам з Э. Калеснікам і Я. Мачалавым), «120 лучших комбинаций Г. Н. Вересова» (2004, разам з М. Царанковым) і інш.

Гросмайстар Купрэйчык вядомы таксама тым, што ў 1997 годзе, як дэлегат Алімпійскага сходу, быў адзіным, хто ня стаў галасаваць за абранне Лукашэнкі прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта і выйшаў з залі. У 2003 г. быў намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі шахмат (БФШ), старшынём камісіі Беларускай Федэрацыі Шахмат па этыцы. У 2010 годзе быў прадстаўніком грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”. Меў незалежную грамадзянскую пазіцыю. Выдаў за свае грошы па-беларуску кнігу твораў Івана Буніна, а ганарар, які не ўзялі перакладчыкі, аддаў на помнік Рыгору Барадуліну.

У 2013 годзе імя гросмайстра Купрэйчыка было занесена ў Залу славы ФІДЭ. У 2014-ым Купрэйчык заняў 3-е месца на чэмпіянаце свету сярод сеньёраў (у катэгорыі старэйшых за 65 гадоў), які праходзіў у Грэцыі.

Памёр Віктар Купрэйчык 22 траўня 2017 года ў Мінску. Пра яго зняты фільм, надрукавана многа артыкулаў, у Канадзе выйшоў зборнік выбраных партый.

Барыс Гельфанд нарадзіўся ў Менску 24 чэрвеня 1968 года. Яго бацькі былі інжынерамі. Бацька Абрам Гельфанд паходзіў з мястэчка Смілавічы (цяперашні Чэрвеньскі раён). Калі Барысу было 4 гады, бацькі падарылі яму кнігу «Путешествие в шахматное королевство» аўтарства Юрыя Авербаха і Міхаіла Бейліна. Цікава, што гросмайстар Авербах пражыў больш 100 гадоў, а таксама шахматыст і публіцыст Бейлін – нараджэнец мястэчка Рослаўль, што на Смаленшчыне. Кніжны падарунак прадвызначыў захапленне і жыццёвы лёс Барыса Гельфанда. Ён лічыць сябе выхаванцам менскай шахматавай школы, якую заснаваў Ісак Баляслаўскі, а развіваў Альберт Капенгут.

Ужо ў 17-гадовым веку Гельфанд перамог на чэмпіянаце Беларусі сярод дарослых. Тады ж стаў чэмпіёнам Савецкага саюзу сярод юнакоў. У 1988 годзе разам з французам Жаэлем Лацье падзяліў першыя два месцы на чэмпіянаце свету сярод юнакоў. А ў 1989 годзе Гельфанд ужо ўвайшоў у дзясятку мацнейшых шахматыстаў свету. У 2009 годзе стаў пераможцам Кубку свету, які праходзіў у Ханты-Мансійску.

Гельфанд удзельнічаў у 9 шахматавых сусветных алімпіядах, прычым выступаў спярша за СССР, потым за Беларусь, а пасля за Ізраіль. З 1990 года быў пастаянным удзельнікам баталій за тытул чэмпіёна свету. Дайшоў да чвэрцьфіналу прэтэндэнцкага турніру ў 1993 годзе і да паўфіналу – у 1996-ым. Удзельнічаў і ў чэмпіянатах свету па так званай накаўт-сістэме ў 1998-2004 гадах. Лепшы вынік – выхад у паўфінал ў 1997 годзе. У 2011 годзе Гельфанд заваяваў права на матч за тытул чэмпіёна свету з Вішванатанам Анандам (Індыя). Той матч у 2012 годзе Гельфанд, на жаль, прайграў, прычым у вельмі роўным спаборы і толькі на тай-брэйку.

Яшчэ ў 1998 годзе Барыс Гельфанд пераехаў на сталае жыхарства ў Ізраіль, дзе жыве ў горадзе Рышон-ле-Цыён і дагэтуль. Мае жонку, сына і дачку.

Каротка варта згадаць таксама пра досыць вядомага шахматыста Льва Палугаеўскага. Ён нарадзіўся ў Магілёве 20 лістапада 1934 года (нейзабаве будзе якраз 90 гадоў з дня нараджэння). Калі на тэрыторыю Беларусі прыйшла Другая сусветная вайна бацькі Палугаеўскага эвакуяваліся ў тагачасны Куйбышаў (цяперашняя Самара, Расея). Так што больш з Беларуссю Палугаеўскі не быў звязаны.

Пра моц Палугаеўскага сведчыць той факт, што ён у складзе каманды СССР браў удзел ажно ў 7 шахматавых алімпіядах, перамагаў на міжнародных турнірах. Двойчы выходзіў у паўфінал матчаў за тытул чэмпіёна свету. Быў вялікім спецыялістам ў галіне тэорыі дэбюта.

Пасля анкалагічнага захворвання і складанай аперацыі на мозгу Леў Палугаеўскі памёр 30 жніўня 1995 года ў веку 60 гадоў, пахаваны ў Францыі.

Згаданы вышэй Ісак Баляслаўскі нарадзіўся 8 чэрвеня 1919 года ў горадзе Залатаноша (Чаркаская вобласць Украіна). У Беларусь настала ён пераехаў у канцы 1951 года, жыў і працаваў у нашай краіне да смерці.

Як шахматыст Баляслаўскі гуляў у атакуючым агрэсіўным стылі. Паводле венгерскага гросмайстра Сала Флора гэты стыль быў «занадта агрэсіўны». «Баляслаўскі найперш — выдатны тактык, але як стратэг ён яшчэ не зусім на вышыні», пісаў Флор на пачатку 1941 года.

У Беларусі Баляслаўскі гуляў у чэмпіянатах Менска, дзяліўся досведам з маладымі шахматыстамі, вёў шахматавы аддзел у газеце “Звязда”. І ўсё большую схільнасць выяўляў да трэнерскай працы. У 37 гадоў Ісак Баляслаўскі быў секундантам Васіля Смыслова на пераможным для Смыслова турніры прэтэндэнтаў (1956 год), а праз тры гады па дапамогу да яго звярнуўся Тыгран Петрасян. Іх супраца была доўгай і плённай. У 1963 годзе Петрасян перамог Міхаіла Бацвінніка і стаў чэмпіёнам свету, а праз тры гады абараніў тытул у змаганні з Барысам Спаскім.

У 1954 годзе Баляслаўскі быў прызначаны старшым трэнерам зборнай СССР па шахматам, у 1967 годзе — трэнерам Беларускай Рэспубліканскай школы вышэйшага спартыўнага майстэрства. Сярод вядомых шахматыстаў, якімі ён апекаваўся ў Менску, — Альберт Капенгут і Кіра Зварыкіна.

Ісак Баляслаўскі вылучаўся фенаменальнай памяццю, энцыклапедычнымі ведамі, зычлівасцю і сціпласцю. Давід Бранштэйн называў яго «сапраўдным мастаком шахмат». Многіх сучаснікаў прывабліваў камбінацыйны стыль гульні Баляслаўскага. Быў тэарэтыкам гульні, распрацаваў шэраг сістэм у сіцыліянскай і стараіндыйскай абаронах.

Памёр Ісак Баляслаўскі 15 лютага 1977 года ў Менску, яму было толькі 57 гадоў. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя