BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Жаау Фелікс працягне сезон у «Мілане»

Партугальскі форвард Жаау Фелікс да канца сезона будзе выступаць за «Мілан». Клуб афіцыйна абвясціў пра арэнду гульца з «Чэлсі». Нападнік будзе гуляць пад 79-м нумарам. Фелікс перайшоў у «Чэлсі» з «Атлетыка» летам мінулага года, аднак у гэтым сезоне яго выніковасць была сціплай — 7 галоў і 2 галявыя перадачы ў 20 матчах. Тэрмін кантракта з лонданцамі разлічаны да 2030 года, але бліжэйшыя месяцы ён правядзе ў Італіі, спрабуючы дапамагчы «Мілану» ў барацьбе за высокія пазіцыі.

Фантастычны камбэк: “Дынама-Мінск” здабывае валявую перамогу над “Сочы”

Менскае “Дынама” парадавала сваіх заўзятараў фантастычным вяртаннем у гульню пасля правальнага старту. У хатнім матчы супраць “Сочы” “зубры” прапусцілі тры шайбы ўжо ў першым перыядзе, адной з якіх стаў кур’ёзны аўтагол. Але пасля перапынку менчукі кардынальна змянілі ход сустрэчы. Спачатку Віталь Пінчук зменшыў адставанне, а ў трэцім перыядзе гаспадары закінулі яшчэ чатыры шайбы. Перамогу “Дынама” прынеслі дакладныя кідкі Шыпачова, Хэмілтана, Уэлле і Мароза – 5:3. Такім чынам, “зубры” набралі тры ачкі ў хатняй серыі і працягваюць барацьбу за плэй-оф КХЛ. Наступны матч – 6 лютага супраць лідара лігі “Лакаматыва”.

Беларусы без праблем разабраліся з Мальтай у адборы на Еўра-2026 па міні-футболе

Зборная Беларусі па міні-футболе ўпэўнена перамагла каманду Мальты ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2026. Матч, які адбыўся ў італьянскім Ачырэале, завяршыўся з лікам 5:0 на карысць беларусаў. На працягу васьмі хвілін беларускія футбалісты забілі пяць галоў. Двойчы вызначыўся Сяргей Крыкун, яшчэ па мячу забілі Уладзіслаў Селюк, Дзмітрый Шыманоўскі і Арцём Якубаў. Другая палова сустрэчы прайшла пад кантролем нашай каманды, але лік застаўся нязменным. Гэты поспех дазволіў беларусам набраць 4 ачкі і падзяліць першае месца ў групе з Італіяй. Наперадзе – два паядынкі супраць Фінляндыі, дзе вырашыцца лёс выхаду ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы.

“Гродна-93” і “Барысфен” працягваюць перамагаць у чэмпіянаце Беларусі

Чарговыя матчы нацыянальнага першынства па баскетболе прынеслі поспех лідарам. “Гродна-93” упэўнена абыграў сталічны “Імпульс-БДУІР” на яго пляцоўцы — 73:42. Для менчукоў гэта ўжо 21-я параза ў сезоне. “Барысфен” з Магілёва пасля няўдачы ў папярэднім туры аднавіў свае пазіцыі, перамогшы “Рубон” з Віцебска — 82:66. У турнірнай табліцы гарадзенцы маюць 38 ачкоў, магілёўцы адстаюць усяго на адзін бал. У наступным туры “МІНСК” прыме “Гродна-93”, а “Барысфен” сустранецца з “Імпульсам”. Сярод жаночых каманд лідыруе “Гарызонт” з 40 ачкамі, на тры балы адстае “МІНСК”, а “Алімпія” з Гародні замыкае тройку лідараў.

Сасновіч працягвае змаганне на турніры ў Румыніі

Аляксандра Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу тэніснага турніру WTA-250 у румынскім Клуж-Напока. У першым раўндзе яна правяла напружаны трохсэтавы паядынак супраць іспанкі Джэсікі Бузас Манэйра і здабыла перамогу – 6:7, 7:5, 6:4. Наступнай суперніцай беларускі будзе канадка Марына Стакушыч. Пачынала Сасновіч турнір з кваліфікацыі, але пасля выбыцця іспанкі Сары Сарыбес-Тарма трапіла ў асноўную сетку.

Італьянцы трыумфуюць на старце чэмпіянату свету па горных лыжах

У аўстрыйскім Заальбах-Хінтэрглемме распачаўся чэмпіянат свету па горных лыжах. Першы камплект медалёў быў разыграны ў камандных спаборніцтвах у паралельным гіганцкім слаламе. Фінальнае супрацьстаянне паміж Італіяй і Швейцарыяй завяршылася з лікам 2:2, і толькі па сумарным часе праходжання трасы “золата” дасталося італьянцам. “Бронза” ў Швецыі, якая апынулася мацней за зборную ЗША.

Беларускае Радыё Рацыя