
Трэцімі ўдзельнікамі паўфінальнай стадыі Кубка Беларусі сталі футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа”. У чвэрцьфінале ў адказ уладальнікі трафея саступілі ў Салігорску мясцоваму “Шахцёру” 0:1. Аднак дзякуючы выйгрышу ў хатнім матчы 2:0, тарпедаўцы працягнуць барацьбу ў паўфінале. У апошнім чвэрцьфінале чэмпіёны Беларусі менскія дынамаўцы прымалі на поле стадыёна “Дынама-Юні” барысаўскі БАТЭ і вырвалі перамогу ў серыі пасляматчавых пенальці. Асноўны час завяршыўся перамогай гасцей – 3:2, у авертайме вынік не змяніўся, пенальці лепш выканалі футбалісты “Дынама” – 5:4. У першай гульні менчане выйгралі ў барысаўчан з мінімальнай перавагай – 1:0. Да гэтага футбалісты “Іслачы” адолелі па суме дзвюх сустрэч “Віцебск” – 4:1 (у гасцях) і 0:2 (дома), гарадзенскі “Нёман” двойчы перайграў у 1/4 фіналу футбалістаў “Менска” – 3:0 і 1:0.
“Ліверпуль” дзякуючы пенальці згуляў унічыю з “Манчэстэр Сіці” у АПЛ
“Ліверпуль” згуляў унічыю з “Манчэстэр Сіці” ў 28-м туры Англійскай прэм’ер-лігі (АПЛ), не дазволіўшы камандзе Хасэпа Гвардыёлы ўзначаліць турнірную табліцу. Матч на “Энфілдзе” завяршыўся з лікам 1:1. Лік на 23-й хвіліне адкрыў абаронца гасцей Джон Стоўнз, які забіў з перадачы Кевіна Дэ Бройнэ з кутавога. Гаспадары адказалі дакладным ударам Алексіса Макалістэра з пенальці на 50-й хвіліне. Аргенцінец забіў дзевяць з дзесяці адзінаццаціметровых у АПЛ. Перад матчам суперкампутар Opta падлічыў, што ў выпадку нічыйнага выніку ў гэтым матчы шанцы “Манчэстэр Сіці” на чэмпіёнства складуць 48%, “Ліверпуля” – 33%, “Арсенала” – 19%. За дзесяць тураў да канца чэмпіянату лідарам АПЛ застаўся “Арсенал” (64 ачкі), якому “Ліверпуль” саступае па дадатковых паказчыках. “Сіці” ідзе трэцім маючы 63 балы.
Менскае “Дынама” другі раз перамагло маскоўскіх аднаклубнікаў у плэй-оф КХЛ
Хакеісты менскага “Дынама” скарацілі адставанне ў серыі супраць маскоўскіх аднаклубнікаў у чвэрцьфінале Заходняй канферэнцыі КХЛ. Пяты матч супрацьстаяння менскага і маскоўскага “Дынама” адбыўся на пляцоўцы суперніка. Асноўны час сустрэчы ў Маскве завяршыўся з лікам 1:1. У гаспадароў вызначыўся Ягор Петухоў на 7-й хвіліне, у гасцей забіў Вадзім Мароз на 49-й. Пераможная шайба ў другім авертайме на рахунку Ніка Мёрклі. Менскі клуб скараціў адрыў у серыі 2-3. Шостая гульня пройдзе ў Менску ў аўторак 12 сакавіка.
“Віцебск” быў мацней за “Берасце” у першым матчы чвэрцьфіналу экстралігі
У нядзелю ў Менску і Віцебску стартавалі яшчэ дзве чвэрцьфінальныя серыі розыгрышу плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. Апошнімі выступы ў плэй-оф пачалі хакеісты “Віцебска” і “Берасця”. Па выніках рэгулярнага чэмпіянату “мядзведзі” занялі другое месца ў табліцы, паўднёўцы былі вымушаны прабівацца ў чвэрцьфінал праз раўнд плэй-ін. Фінальны лік – 4:1 на карысць фаварыта “Віцебска”. Раней сталічнае “Юнацтва” стартавала ў першым раўндзе плэй-оф з вікторыі над жлобінскім “Металургам” з аналагічным лікам.
Беларускі тэквандыст Гурцыеў заваяваў алімпійскую ліцэнзію
У сталіцы Балгарыі Сафіі завяршыўся еўрапейскі кваліфікацыйны турнір на Алімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы. У Сафіі разыгрывалася 16 ліцэнзій на Гульні ў Парыж – па 8 у мужчын і жанчын. Для атрымання пуцёўкі на Алімпіяду спартоўцу было неабходна дайсці да фіналу ў сваёй вагавай катэгорыі. З гэтай задачай справіўся беларускі тэквандыст Георгій Гурцыеў, які выступае ў вазе да 58 кг. У першым раўндзе беларускі спартовец перамог армяніна Сайдалі Аліева, у чвэрцьфінале – партугальца Руя Браганшу, а ў паўфінале – Льва Карнеева з Сербіі.
Беларускае Радыё Рацыя






