Учора, 19 ліпеня, прайшлі 23 матчы ў адказ першага раўнда трэцяга па рэйтынгу футбольнага турніра Старога свету – Лігі канферэнцый. Жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» гуляла ў Паўночнай Македоніі з мясцовымі «Работнічкамі» і, як і тыдзень таму, “аўтазаводцы” перамаглі. Гэтым разам з лікам 1:0. Голам адзначыўся, як і ў першай сустрэчы, Сцівен Алфрэд. І такім чынам «аўтазаводцы» з агульным лікам 4:0 праходзяць «Работнічкі» і праз тыдзень у другім раўндзе згуляюць з грозным супернікам – ізраільскім «Макабі» з Хайфы. Першы матч «Тарпеда» грае, як намінальны гаспадар двубою.
Пачын жодзінцаў падтрымаў і гарадзенскі «Нёман». На ўмоўна хатнім стадыёне ў венгерскім Дз’ёры «алені» разграмілі армянскі «Урарту» з лікам 4:0. Адразу «гол у распранальню» армянам, як і тыдзень таму, з перадачы Ягора Зубовіча паклаў Павел Савіцкі. На пачатку другога тайма ўжо сам Ягор лік падвоіў. А ў канцы матча лік да разгромнага давялі Сяргей Пушнякоў ды Максім Краўцоў. Агулам жа «Нёман» прайшоў «Урарту» з лікам 6:1, чаго даўно не было ў беларускім футболе. І трапляе на славацкі «Кошыцэ», які заскочыў у еўракубкі ў апошні вагон. Першы матч другога раўнда гарадзенцы згуляюць праз тыдзень у Кошыцах.
А вось берасцейскае «Дынама» не здолела падтрымаць свах землякоў і саступіла ва ўмоўна «хатнім» матчы таксама ў венгерскім Залаэгэрсэгу чарнагорскай «Сут’есцы» з лікам 0:2. Пры тым, што першы матч на выездзе берасцейцы выгралі 2:1, але па суме дзвюх сустрэч далей праходзяць чарнагорцы.
Яшчэ адзін учорашні матч у Лізе канферэнцый можна вынесці асобна – фінскі «ХІК» і фарэрскі «Рунавік». Спачатку ў першым матчы фарэрцы у сябе на выспах разграмілі фінаў з лікам 4:0. А фіны на сваім полі ўчора ў асноўны час аднавілі статус-кво і цяпер яны перамаглі фарэрцаў з такім самым лікам 4:0. І даціснулі тых у дадазены час 5:0. Цікава выглядае статыстыка матча па ўдарах па браме фарэрцаў – 60 супраць 3.
8 матчаў у адказ было згуляна ўчора ў першым раўндзе Лігі Еўропы. З цікавых нам вызначым матч у Казахстане, дзе варшаўская «Легія» перамагла 1:0 мясцовы «Актобэ» беларускага спецыяліста Вячаслава Леўчука. У матчы гаспадароў увесь матч адгуляў беларус Мікіта Корзун і атрымаў жоўтую кратку. А вось Ілля Шкурын у Казахстан са сваёй камандай не паляцеў, праз магчымасць яго там затрымання з-за яго выразнай пазіцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. А таксама праход далей каманды беларускага спецыяліста Івана Маеўскага славенскага «Цэле», які ў дадазены час згуляў 3:3 з азербайджанскім «Сабахам».
Учора ад менскага «Дынама» прышла навіна, што каманду ў нязручны момант усё ж пакідае галоўны трэнер Вадзім Скрыпчанка. Гэта адбылося пасля іх пазаўчорашняга вылету з Лігі чэмпіёнаў на самай першай стадыі ад балгарскага «Лудагорца». Нагадаю, што на наступным тыдні «дынамаўцы» паспрабуюць свае сілы ў другім раўндзе Лігі канферэнцый супраць чэмпіёна Албаніі «Эгнаціі».
А тым часам у Швейцарыі працягваецца 14-ы чэмпіянат Еўропы па футболе сярод жанчынаў. Учора там у чвэрцьфінале сустракаліся дзеючыя чэмпіёнкі і бронзавыя медалісткі мінулага турніра – зборныя Англіі ды Швецыі. Па ходу матча шведкі вялі 2:0. Пасля англічанкі лік зраўнялі і перавялі ў дададзены час. І ўжо ў серыі пасляматчавых пенальці дзеючыя чэмпіёнкі – зборная Англіі перамаглі. Пры чым каманды прабілі па 7 удараў – кожная. З іх мэты дасягнулі толькі 2 на 3 удары. У паўфінале англічанкі згуляюць з італьянкамі.
І завершым валейболам. Працягваецца Ліга нацыяў сярод мужскіх зборных. Польская дружына досыць нечакана саступіла ў Сопаце зборнай Кубы з лікам 1:3 – 25:22, 19:25, 21:25, 24:26 па сэтах.
Таксама ўчора зборная Украіны ў славенскай Любляне саступіла Італіі 2:3 – 15:25, 20:25, 25:16, 25:23, 10:15.
Такім чынам на бягучы момант у 8-цы лідараў, што дае права на выхад у плэй-оф, зборныя Польшчы і Украіны ідуць на 4 і 6 месцах адпаведна.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






