BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Жодзінскія тарпедаўцы выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі

Футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” перамаглі наваполацкі “Нафтан” і выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі. У самым пачатку сустрэчы ў Жодзіне Раман Папарыга вывеў навапалачан наперад, але ўтрымаць перамогу гасцям не ўдалося. Незадоўга да перапынку Антон Кавалёў аднавіў парытэт, а напрыканцы матча Ілля Васілевіч прынёс перамогу тарпедаўцам – 2:1. У цэнтральным паядынку 8-га тура гарадзенскі “Нёман” абыграў у Мазыры мясцовую “Славію” – 1:0. Пераможны мяч на 69-й хвіліне сустрэчы забіў Павел Савіцкі. Дзеючыя чэмпіёны краіны футбалісты менскага “Дынама” перамаглі ў Маладзечне “Іслач” дзякуючы голу Паўла Сядзько ў пачатку другога тайма – 1:0.

“Арсенал” абыграў “Манчэстэр Юнайтэд” і вярнуўся на першае месца ў табліцы АПЛ

У матчы 37-га тура англійскай Прэм’ер-лігі (АПЛ) сустракаліся “Манчэстэр Юнайтэд” і лонданскі “Арсенал”. Аўтарам адзінага гола стаў Леандра Трасард. Нападнік лонданскага клуба вызначыўся на 20-й хвіліне. “Арсенал” набраў 86 ачкоў за 37 матчаў у чэмпіянаце Англіі. Лонданскі клуб вярнуўся на першае месца ў турнірнай табліцы. “Манчэстэр Сіці” размяшчаецца на другім месцы, маючы на сваім рахунку 85 ачкоў. Пры гэтым у «гараджан» на адну гульню менш. “Манчэстэр Юнайтэд”, у якога 54 ачкі, ідзе восьмым.

Беларускія барацьбіты заваявалі дзесяць ліцэнзій на летнія Алімпійскія гульні

Беларускія спартоўцы завяршылі выступы на сусветным кваліфікацыйным турніры па барацьбе, які з 9 па 12 траўня прымаў Стамбул. Пуцёўкі на Гульні-2024 атрымлівалі па тры лепшыя спартоўцы ў кожнай з шасці вагавых катэгорый у вольнай, грэка-рымскай і жаночай барацьбе. Апошнім з беларускіх спартоўцаў шанец на заваяванне алімпійскай ліцэнзіі захоўваў барацьбіт вольнага стылю Нюргун Скрабін у вазе да 65 кг. Прадстаўнік Беларусі дайшоў да паядынку за трэцяе месца турэцкага турніру, у якім саступіў амерыканцу Зейну Рэзерфарду. Такім чынам, сусветны адбор у Стамбуле прынёс беларусам тры ліцэнзіі: права выступіць на галоўным старце чатырохгоддзя атрымалі Вераніка Іванова (вага да 62 кг), а таксама “грэка-рымляне” Кірыл Маскевіч (да 87 кг) і Павел Глінчук (да 130 кг).

Азаранка прабілася ў 1/8 фіналу турніру WTA-1000 у Рыме

Вікторыя Азаранка ўслед за Арынай Сабаленкай прабілася ў 1/8 фіналу турніру катэгорыі WTA-1000 у Рыме. У паядынку трэцяга раўнда экс-першая ракетка свету, якая займае зараз 24-е месца ў рэйтынгу WTA, за тры гадзіны перайграла егіпецкую тэнісістку Маяр Шэрыф, у якой 80-я пазіцыя, – 6:2, 6:7 (6:8), 6:3. Азаранка ў 1/8 фіналу будзе супернічаць з 8-ым нумарам сусветнага рэйтынгу грачанкай Марыяй Сакары. Таксама другая ракетка планеты Арына Сабаленка перайграла ў 1/16 фіналу ўкраінскую тэнісістку Даяну Ястрэмскую (33) – 6:4, 6:2.

Гарноська сабрала поўны камплект узнагарод этапа Кубка выкліку ў Партугаліі

Беларуска Аліна Гарноська заваявала чатыры медалі на першым этапе сусветнага Кубка выкліку па мастацкай гімнастыцы, які праходзіў у партугальскім Партымаа. У нядзелю грацыі вызначалі наймацнейшых у фіналах асобных відаў. Спаборніцкую праграму дня адкрываў розыгрыш медалёў у практыкаванні з абручом. Гарноська стала трэцяй. У наступным відзе праграмы – практыкаванні з мячом – Гарноська роўных ужо не было. У заключным для сябе фінале дня беларуска таксама трапіла ў топ-3, паказаўшы другі вынік у практыкаванні з булавамі.

Зборная Фінляндыі закінула восем неўзаемных шайбаў Вялікабрытаніі

У рамках групавога этапа чэмпіянату свету па хакеі з шайбай-2024 у Чэхіі зборная Фінляндыі дэкласавала Вялікабрытанію з лікам 8:0. Хет-трыкам вызначыўся Олівер Капанен. Чатыры галявыя перадачы ў матчы аддаў Ахці Аксанен. Фінляндыя пакуль з чатырма ачкамі знаходзіцца на другім месцы ў групе А, а Вялікабрытанія з нулём размяшчаецца на апошнім месцы.

Беларускае Радыё Рацыя