Беларускія мытныя органы прадухілілі спробу ўвозу каля 100 кілаграмаў гашышу, схаванага ў грузавіку, які ехаў з Літвы. Груз выявілі супрацоўнікі Гарадзенскай рэгіянальнай мытні ў пункце пропуску «Каменны Лог».

Наркотыкі былі ўпакаваныя ў 180 вакуумных пакетаў і схаваныя ў тэхналагічных пустэчах пад падлогай фургона, што належаў літоўскаму перавозчыку. Паводле дакументаў, транспарт нібыта вёз «канцэнтраванае грушавое пюрэ».
З дапамогай інспекцыйна-дагляднага комплексу на сканаграме былі зафіксаваныя ўкладанні. Экспертыза пацвердзіла, што гэта гашыш.
Паводле звестак Мытнага камітэта, кантрабанду арганізавалі грамадзяне Літвы і Беларусі, якія дзейнічалі паводле папярэдняй змовы. У выніку сумесных аператыўных мерапрыемстваў з удзелам аператыўнай і Віцебскай мытняў, а таксама Дзяржаўнага мытнага камітэта былі выяўлены асобы і затрыманыя два грамадзяніны Літвы — меркаваныя арганізатары. Таксама затрыманыя беларускія ўдзельнікі групы. Усе яны знаходзяцца пад вартай.
Узбуджаная крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 328-1 Крымінальнага кодэкса аб незаконным перамяшчэнні праз мяжу Беларусі наркатычных сродкаў. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.






