BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

22 нелегалы, пашкодзіўшы загароду на мяжы з Беларуссю, трапілі ў Польшчу

Прыкметна павялічылася колькасць груп замежнікаў, якія спрабуюць трапіць у Польшчу праз польска-беларускую мяжу. Пра гэта паведамляе Галоўнае камандаванне памежнай аховы Польшчы.

fot. Straż Graniczna

Так, 4 красавіка ў раёне Чаромхі на Падляшшы група з 22 чалавек незаконна пранікла ў Польшчу, разбурыўшы і пераадолеўшы тэхнічны бар’ер. 5 чалавек не пераадолелі бар’ер, яны былі на беларускім баку і запісвалі на відэа незаконнае перасячэнне мяжы. Яны таксама кідалі камяні ў польскія патрулі. Усе асобы, якія знаходзіліся на польскім баку, былі затрыманы. Гэта маладыя людзі з Судана і Афганістана.

Паводле польскіх памежнікаў, у апошні час можна назіраць, як спробы нелегальнага перасячэння мяжы вялікімі групамі мігрантаў запісваюцца на відэа людзьмі, якія ім дапамагаюць.

“Не выключана, што фільмы будуць выкарыстаныя для кіраванай уладамі Беларусі і арганізатарамі гэтай працэдуры расповеду пра тое, што мяжу нашай дзяржавы можна лёгка пераадолець”, – гаворыцца ў паведамленні памежнікаў, і падкрэсліваецца, што амаль усе спробы незаконнага перасячэння мяжы сарваныя, як гэта відаць у відэазапісе на сайце ведамства.