BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

25 мільёнаў злотых з еўрапейскіх фондаў на падтрымку сем’яў Падляшша


Распачынаецца набор на новы конкурс для суфінансавання праектаў з праграмы Еўрапейскія фонды для Падляшша 2021-2027. Гэтым разам сродкі пойдуць на дапамогу сем’ям, якія адчуваюць цяжкасці з апекай і адукацыяй на Падляшшы.

Пра тое, што ў конкурсе могуць удзельнічаць праекты дапамогі сем’ям, што прыязджаюць з Беларусі, кажа дырэктарка Дэпартамента кіравання фондамі і праграмамі Маршалкоўскай управы Караліна Пяркоўска:

-Кажам пра падтрымку сем’яў, якія перажываюць цяжкасці, звязаныя з выхаваннем і адукацыяй. Мы не акрэсліваем нацыянальнасці дзяцей і іх сем’яў. Калі яны знаходзяцца на нашай тэрыторыі, нават у нейкіх арганізацыях, то гэтыя арганізацыі мусяць як мага хутчэй скласці спісы ці звярнуцца да іншых арганізацый, каб іх падапечных можна было апекаваць. Мы клапоцімся найперш пра моладзь і сем’і, якія знаходзяцца на нашай тэрыторыі. Зразумела, гаворка ідзе пра легальнае знаходжанне.

Падаць дакументы можна з 15-й гадзіна 17-га кастрычніка да 2 снежня 2024 года. Максімальны кошт праекта не можа перавышаць 15 працэнтаў ад агульнага фінансавання. Конкурсныя сродкі могуць быць атрыманы для развіцця службаў падтрымкі сем’яў, такіх як дапамога сям’і, кансультаванне спецыялістаў, медыяцыя, юрыдычная дапамога, паслугі ў сферы супрацьдзеяння хатняму гвалту.

Заяўка на конкурс: Fundusze Europejskie dla Podlaskiego 2021-2027.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя