13 снежня спаўняецца 44 гады з моманту ўвядзення ваеннага становішча ў Польскай Народнай Рэспубліцы. У ноч з 12 на 13 снежня 1981 года ўлада ў краіне была сканцэнтраваная ў руках Ваеннага савета нацыянальнага выратавання на чале з першым сакратаром ЦК ПАРП і старшынём Савета міністраў ПНР генералам Войцехам Ярузэльскім.

Палітолаг Павел Усаў адзначае, што ўвядзенне ваеннага становішча, нягледзячы на кароткатэрміновы кантроль, мела доўгатэрміновыя палітычныя наступствы для ўсяго рэгіёна:
– Не выключаю таго, што менавіта падзеі ў Польшчы і вайсковае становішча, якое доўжылася амаль два гады, прычынілася да працэсу перабудовы ў Савецкім Саюзе, бо па сутнасці праз два гады пасля знясення вайсковага становішча ў 1985 годзе пачалася ў Савецкім Саюзе перабудова. У тых, хто прыходзіць да ўлады застаецца памяць і разуменне таго, што было ў 80-х гадах.
Паводле Усава, важна звяртаць увагу і на сучасныя паралелі, калі «Беларусь фактычна жыве ва ўмовах фармальнага ваеннага або надзвычайнага рэжыму»:
– У нас і так яно было ўведзена. І на сённяшні дзень функцыянуе вайсковае становішча, яно не было абвешчана, але яно функцыянуе. Сілавыя структуры абсалютна не абмежаваныя ў сваіх дзеяннях у дачыненні да тых, хто супрацьстаіць уладзе. Выбары ў парламент і выбары ў мясцовыя саветы былі перанесеныя на года. На падаўленне пратэстаў было выкарыстана войска.

Па розных ацэнках, за час дзеяння ваеннага становішча ў Польшчы загінулі ад некалькіх дзясяткаў да больш як ста чалавек, каля 10 тысяч прафсаюзных дзеячаў і антыкамуністычных актывістаў былі інтэрнаваныя. Ваеннае становішча працягвалася 586 дзён і было адмененае 22 ліпеня 1983 года — у Дзень адраджэння Польшчы. У 2002 годзе Сейм Польшчы абвясціў 13 снежня Днём памяці ахвяраў ваеннага становішча.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Archiwum IPN.






