17 верасня Польшча ўспамінае 85-ю гадавіну савецкай агрэсіі. Гэты дзень таксама з’яўляецца Сусветным днём сібірака. З гэтай нагоды Музей памяці Сібіры ў Беластоку зладзіў афіцыйныя ўрачыстасці ў памяць пра драматычныя падзеі 1939 года.
Уласнай сямейнай і мясцовай вуснай гісторыяй пра 17-е верасня 1939 года падзяліўся Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі:
– Мой бацька гэтыя падзеі дасканала памятаў, бо меў 17 гадоў. Мусіў хавацца ад саветаў. Досыць шмат асоб было арыштавана. І рознае здаралася. Збягалі з транспарту. Тыя асобы, якія вярталіся, распавядалі пра усё. Я меў такія лекцыі гісторыі нажыва. Тады нельга было такое распавядаць. Але сваімі ўспамінамі людзі ўсё адно дзяліліся.
Важнасць памяці пра 17-е верасня 1939 года і далейшыя савецкія рэпрэсіі з вывазам жыхароў Падляшша падкрэсліў Падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі:
– Не ўяўляю, каб пра гэта не ўспамінаць. Бо гэта ёсць гісторыя нашага краю. Сучасную свядомасць будуем таксама з улікам мінулага. І мінулыя падзеі мусяць нас вучыць, якія ўчынкі трэба шанаваць у жыцці, а да якіх ставіцца крытычна і негатыўна.
Каб ушанаваць ахвяраў савецкай агрэсіі супраць Польшчы, сёння таксама ў розны час па ўсім Падляшскім ваяводстве гучала сірэна трывогі. У самім Беластоку таксама адкрылася адмысловая экскурсійная сцежка, прысвечаная Севярыну Навакоўскаму, апошняму даваеннаму прэзідэнту Беластока, забітаму саветамі.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя