BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

90 гадоў з дня нараджэння Віктара Рудчыка

Беларускі грамадскі дзеяч, журналіст і літаратар Віктар Рудчык нарадзіўся 8 сакавіка 1934 года ў вёсцы Вулька Нарэцкая (гміна Нурэц-Станцыя, Сямятыцкі павет) на Падляшшы. Паходзіў з сялянскай сям’і. Яго бацька пры савецкай уладзе стаў настаўнікам, а пасля пры Польшчы быў абраны паслом у Сейм. Шлях да журналістыкі Рудчыка быў няпростым. Спярша Віктар вучыўся на палітэхніцы, а вышэйшую адукацыю атрымаў у Варшаўскім універсітэце, дзе закончыў аддзяленне польскай філалогіі.

У 1960 годзе Віктар Рудчык прыйшоў у «Ніву», дзе пачаў друкавацца. Адначасна супрацаваў з іншымі рэгіянальнымі друкаванымі выданнямі. Пісаў сярод іншага ў «Газету вспулчэсну», «Кантрасты», «Падляшскі тыднёвік», а таксама ў некаторыя цэнтральныя варшаўскія газеты. Быў вядоўцам беларускіх радыёперадач на беластоцкім радыё. Займаўся літаратурнай творчасцю. Літаратурную спадчыну Рудчыка складаюць некалькі дзясяткаў апавяданняў і неапублікаваныя дагэтуль аповесці. Аўтар цыкла матэрыялаў «Партызанскімі сцежкамі», гістарычных нарысаў «Буг у агні», фельетонаў «Гутаркі дзядзькі Максіма» ды з вясковага жыцця. Быў вельмі прывязаны да сваёй зямлі, роднага кутка, вясковага побыту. У творчасці Рудчыка вельмі моцна адлюстраваліся родная вёска, Буг, бацькі. Там ён хадзіў партызанскімі сцежкамі, вышукваючы ўдзельнікаў партызанскага руху ў час Другой сусветнай вайны і запісваючы іх успаміны. Так узнік цыкл яго гістарычных нарысаў «Буг у агні». І там жа з аповядаў ужо старога бацькі, якому было што ўспомніць, нарадзіліся «Гутаркі дзядзькі Максіма». На малой радзіме знаходзіў ён свежыя тэмы і сюжэты для сваіх ніваўскіх фельетонаў, часта туды ездзіў, пакуль не перавёз бацьку ў Беласток. Ездзіў сваёй машынай нават у сама аддаленыя вёскі Падляшша.

У ніваўскім артыкуле памяці Віктара Рудчыка Ада Чачуга так характарызавала яго: «Віктар не ўмеў пісаць няшчыра. Пісаў пра тое, што накіпела на душы, што набалела…Чалавек неспажытай энергіі, які не ўмеў і не хацеў стаяць збоку ад вялікіх спраў, ён быў надзвычай актыўны ў грамадскай працы…Першы адгукаўся на найбольш істотныя ў даны момант справы, якія гуртавалі грамадскасць. Пры ўсім гэтым быў надзвычай уражлівы на людскую крыўду. Патрапіў пісаць усюды, у розныя ўстановы і арганізацыі ў краіне і за мяжой, – шукаючы людзей, якіх раскінула па свеце, разлучыла вайна, распытваў, дамагаўся, не шкадуючы ні часу, ні сіл…».

Віктар Рудчык быў сябрам Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства, сакратаром пярвічнай арганізацыі Польскай аб’яднанай працоўнай партыі пры БГКТ і «Ніве». За шматгадовую журналісцкую дзейнасць быў узнагароджаны польскімі Залатым і Срэбным Крыжамі заслугі, срэбнай адзнакай «Заслужаны для Беласточчыны». Незадоўга да смерці, у кастрычніку 1988 года ён ездзіў у Беларусь з творчай камандзіроўкай. Меў яшчэ багата творчых планаў і журналісцка-літаратурных задумак, але лёс адвёў яму няшмат часу. Памёр Віктар Рудчык якраз на праваслаўную куццю, 6 студзеня 1989 года ў Беластоку, меў толькі 54 гады. Пахаваны на праваслаўных могілках парафіі Усіх Святых у Беластоку. На помніку ўсе напісы выкананы па-беларуску.