Словы “Небяспечна, міны!” асацыююцца са страхам. А калі бачыш гэты надпіс на таблічцы ўжывую, да пачуцця страху дадаецца думка аб наступствах, калі гэтую перасцярогу занядбаць. Ужо два з паловай гады ўкраінцы паказваюць усяму свету адвагу – то ў пачатку поўнамаштабнай вайны голымі рукамі жыхары вёсак танкі спынялі, то дрон з балкона слоікам памідораў збівалі. Не кажучы ўжо пра подзвігі воінаў УСУ і самаахвярнасць валанцёраў.

Але ёсць адвага, якая зусім не звязана з геройствам. Хутчэй – неразважлівасць. І нават подласць у стасунку да суайчыннікаў. Не, тут гаворка не пра здраднікаў-калабарантаў.
На Чарнігаўшчыне мясцовыя жыхары арыгінальна выкарыстоўваюць таблічкі “Асцярожна, міны”: яны імі падвязваюць памідоры. Такая адважнасць выклікала шок у сапёраў, бо таблічкі былі выкапаны з небяспечных для жыцця месцаў. А на дэакупаваных тэрыторыях многія фермерскія гаспадаркі насадзілі гародніны паміж таблічкамі з папярэджаннем пра міны, матывуючы тым, каб зямля “не гуляла”. У гэтым выпадку фермеры рызыкуюць уласнымі жыццямі, але тыя, хто выкапаў таблічкі і прыцягнуў да сябе на ўчастак, папросту пакінулі без маркіроўкі тэрыторыю, якую яшчэ не абследавалі сапёры.
Кажуць, на AliExpress можна купіць усё, у тым ліку такія таблічкі. Некаторыя крэатыўшчыкі ад Бога, хто аказаўся героем ганебных публікацый, пачалі апраўдвацца, што купля была зроблена праз Інтэрнэт. Прыкра, што на фоне сапраўднай адвагі падобныя рэчы ўсё ж такі здараюцца. Толькі дзе грань паміж глупствам і несумленнасцю?
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя