BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Абмен ці падман?”

Формула «1000 на 1000» – гэта абмен ваеннапалоннымі, пра які дамовіліся дэлегацыі Украіны і РФ 16 траўня ў Стамбуле. Ён адбыўся ў тры этапы: цягам трох сутак бакі перадавалі адно аднаму групы з 390, 307 і 303 чалавек адпаведна. Хаця гэта абмен і стаў найбуйнейшым з пачатку вайны, яго вынікі выклікалі расчараванне ва Украіне. 

Фота: t.me/V_Zelenskiy_official

Кіраўніцтва Каардынацыйнага штаба па справах ваеннапалонных заявіла, што Украіна не мае магчымасці ўплываць на спісы. Расея ж гэтым спрытна маніпулюе. Напрыклад, ніводзін з байцоў палка «Азоў» не быў уключаны ў гэты абмен. Магчыма, іх наўмысна пакінулі, каб пазней абмяняць на кагосьці важнага, выкарыстоўваць для шантажу ці вытаргаваць выгадныя умовы.

Затое сярод тых, каго перадалі Украіне ў межах «тысячнага» абмену палоннымі, апынуўся былы ўкраінскі вайсковец – цяпер здраднік, які яшчэ ў 2021 годзе, то бок да поўнамаштабнага ўварвання, свядома перайшоў на бок так званай ДНР і адкрыта выказваў намер ваяваць супраць Украіны. 

Аднак, відаць, у РФ ён спатрэбіўся толькі для стварэння прапагандысцкіх матэрыялаў — каб паліваць брудам былую Радзіму, якой даваў прысягу, і Узброеныя Сілы Украіны. Ваеннапалонным жа ён ніколі не быў.

Таксама ў “тысячны” абменны спіс патрапілі 120 грамадзянскіх асобаў, якіх РФ і так збіралася дэпартаваць ва Украіну.

Гэта дзве катэгорыі: былыя ўкраінскія зняволеныя, незаконна вывезеныя з часова акупаваных тэрыторый, і грамадзяне Украіны, якія доўгі час пражывалі ў Расеі і ў дачыненні да якіх суды вынеслі рашэнне аб дэпартацыі за адміністрацыйныя правапарушэнні. Па сутнасці, РФ не вызваліла ніводнай сапраўднай грамадзянскай ахвяры вайны – ніводнага чалавека, незаконна пазбаўленага волі. Абмен з падманам нікога асабліва не здзівіў, бо хлусня – няхай гэта будзе трыбуна ААН ці тэлефонная размова з Прэзідэнтам ЗША – і ёсць сапраўдная сутнасць Расейскай Федэрацыі.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя