Беларускія этна-варштаты 2025, арганізаваныя Аб’яднаннем на карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, “АБ-БА”, паспяхова прайшлі ў Непублічнай пачатковай школе ў Залуках, сабраўшы ахвотных з розных куткоў Падляшша.

Надзвычай цёпла сустрэчу ацаніў сакратар “АБ-БА” Пятро Малярчык, падкрэсліўшы важнасць такіх падзей для захавання культурнай пераемнасці:
– І бацькі таксама прыехалі, каб пагуляць на варштатах, паінтэгравацца, добра правесці час, паспяваць.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў прыцягнуў майстар-клас па Калядах, які правёў спявак і фалькларыст Сяржук Доўгушаў. Ён распавёў пра абрады, песні і традыцыі зімовага перыяду, якія прыдадуцца ад Залук да Студзіводаў дый па ўсім Падляшшы:
– Мы знаёміліся з каляднымі песнямі, развучвалі. Я падрыхтаваў некалькі розных песень, якія мы спявалі і ў суправаджэнні ліры, пад мае інструменты. І таксама трошкі распавёў пра традыцыю калядавання, і ў Студзіводах гэта абавязкова зробяць на высокім узроўні. Думаю, людзі ўжо падрыхтаваныя.
У межах праграмы ўдзельнікі змаглі далучыцца да майстар-класаў па саломапляценні, паслухаць выступ Капэлі Bliska, а таксама прыняць удзел у сямейных гульнях і інтэграцыйных занятках. Беларускія этна-варштаты 2025 былі прафінансаваныя з бюджэту Падляшскага ваяводства.

























Беларускае Радыё Рацыя






