У мястэчку Орля, на Падляшшы, сёлета падчас будаўніцтва крамы рабочыя выявілі чалавечыя парэшткі. Спачатку меркавалася, што гэта сляды Першай сусветнай вайны, але праўда аказалася яшчэ глыбей у гісторыі — ажно XVIII–XIX стагоддзі, калі побач з сённяшнім будаўнічым участкам існавалі хрысціянскія могілкі.

Наш сённяшні Госць Рацыі – Падляшскі ваяводскі кансерватар помнікаў Адам Мусюк падкрэслівае: супольнасць яшчэ мае шанс змяніць лёс гэтага месца — не пакінуць яго крамай, а пераўтварыць у мемарыяльны парк. Гэта размова пра адказнасць, памяць і тое, як законы Польшчы рэгулююць абарону такіх месцаў. Пагаворым таксама пра будучыню парэшткаў і шлях да годнага ўшанавання.
Кажа Адам Мусюк:
-Сітуацыяй у Орлі я трохі здзіўлены. Бо не маем на мапах ніякіх пазначэнняў, што на гэтым месцы, пра якое зараз размаўляем, былі якія-небудзь пахаванні, а тым больш могілкі. Усё пачалося з таго, што атрымалі мы інфармацыю, што падчас прац, якія адбываліся на будаўніцтве адной з крамаў, знайшлі ажно 31 шкілет. Зразумела, мы прыпынілі будаўнічыя працы, зразумела, пачаліся там археалагічныя працы і яны працягваюцца і зараз. На сённяшні дзень мы натрапілі на 130 магіл. Мяркуем, што гэта 18 ці 19 стагоддзе. Адметны факт, што ў большасці – гэта магілы альбо кабет, альбо немаўлят, дзяцей і падлеткаў. Гэта можа сведчыць пра тое, што ў гэты перыяд у Орлі адбыўся вялікі прызыў у войска ці такога тыпу з’ява, але вельмі мала ёсць пахаванняў мужчын. Самі пахаванні – у драўляных грабах. Цела ляжыць на ўсход, што сведчыць пра хрысціянскія пахаванні. Маем інфармацыю, што недалёка знаходзілася праваслаўная царква. Патрэбны антрапалагічныя даследаванні, яны будуць праводзіцца ў Познані. Хацелася б, каб з’явілася па выніках працы навуковая публікацыя пра гэтыя могілкі. Трэба крыху больш часу, каб мы даведаліся падрабязнасці.
Таксама хачу запэўніць і супакоіць усіх, што пра ўсе парэшткі мы вельмі клапоцімся, каб яны не былі апаганены. Яны адразу трапляюць у капліцу, якая там знаходзіцца. Мы ўвесь час у кантакце з пробашчам. Пасля таго, як усё будзе завершана, адбудзецца новае пахаванне гэтых асоб. І праўдападобна, на праваслаўных могілках. Пакуль мы не маем дакладных звестак, што там толькі праваслаўныя пахаванні. І мы спадзяемся, што гэтую справу нам атрымаецца вырашыць.
РР: Самая галоўная для нас зараз працоўная гіпотэза, што на гэтым месцы, дзе будзе крама ў Орлі, былі хрысціянскія могілкі. І гэта не ваенныя часы.
Адам Мусюк: Не, не ваенныя. Час, калі з’явіліся гэтыя пахаванні – гэта альбо 18, альбо 19 век.


Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара





