Супрацоўнікі мытні і падатковай інспекцыі Лодзі, Нацыянальнай скарбовай адміністрацыі і Агенцтва нацыянальнай бяспекі Польшчы 18 лютага затрымалі на запыт пракуратуры чатырох грамадзян Беларусі і двух грамадзян Польшчы, канфіскавалі грошы ў розных валютах на суму каля 400 тысяч злотых.

Іх падазраюць у спробе незаконнага перамяшчэння ў Расею праз тэрыторыю Беларусі прылады, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці інтэгральных схем, што выкарыстоўваюцца пры зборцы баявых беспілотнікаў. Вядома, што затрыманым выставілі абвінавачванні сярод іншага ў парушэнні Закону аб супрацьдзеянні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароне нацыянальнай бяспекі, махлярстве і ўхіленні ад сплаты падаткаў, звязаных з гандлем замежнаю валютаю.
Пакуль трох затрыманых арыштавалі на тры месяцы, яшчэ трох узялі пад нагляд паліцыі з забаронаю пакідаць Польшчу. За парушэнне закону, звязанага з санкцыямі, падазраваным можа пагражаць пазбаўленне волі на не менш як тры гады.






