BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Калі магчыма ўсё

Людзі працягваюць перасякаць беларуска-польскую мяжу ў пошуках бяспекі ў Еўропе. Хусіцкая пагроза. Ватыкан дазволіў дабраслаўляць аднаполыя пары. Фінляндыя больш не баіцца Масквы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Людзі працягваюць здзяйсняць небяспечныя і знясільваючыя вандроўкі, каб перасячы беларуска-польскую мяжу ў пошуках бяспекі і лепшага жыцця ў Еўропе. «Урачы без межаў» (MSF) аказваюць ім медыцынскую дапамогу ў рэгіёне Падляшша ў супрацоўніцтве з іншымі арганізацыямі і групамі грамадзянскай супольнасці», – перадае ўласнае міжнароднае выданне ініцыятывы MSF.

«На працягу года мы аказалі дапамогу больш чым 220 людзям – 10 працэнтам з якіх патрабавалася накіраванне хуткай дапамогі для выратавання жыцця – і навучылі мясцовую грамадзянскую супольнасць элементам аказання першай дапамогі і таму, як справіцца з такімі станамі, як пераахаладжэнне і траншэйная ступня (пашкоджанне ступні, выкліканае ўздзеяннем вільготнасці на працягу доўгага перыяду часу). Многія з пацыентаў атрымалі траўмы ад 5,5-метровай сцяны, абцягнутай калючым дротам. Гэтыя людзі зазналі гвалт падчас свайго падарожжа, і калі яны дасягаюць мяжы, яны сутыкаюцца з моцна мілітарызаваным асяроддзем. Яны не могуць вярнуцца назад і рызыкуюць апынуцца ў пастцы на «нічыйнай зямлі» паміж польскай сцяной і беларускім плотам, таму спрабуюць ісці наперад. Калі тэмпература паніжаецца, існуе таксама высокая рызыка абмаражэнняў і пераахаладжэння, і ў бліжэйшыя тыдні мы ўбачым, што колькасць гэтых выпадкаў павялічыцца.

Тыя, хто пераходзіць, вымушаныя хавацца ад памежнікаў і вайскоўцаў у балотах і лясах, такіх як Белавежа, баючыся гвалту, – перадае міжнароднае выданне ініцыятывы «Урачы без межаў».

На фоне вайны ў сектары Газа еменскія хусіты пачалі атакі на танкеры і грузавыя караблі ў Чырвоным моры, якія накіроўваюцца ў ізраільскія парты. Цэлы шэраг суднаходных кампаній заявіў аб тым, што яны не будуць адпраўляць свае караблі гэтым маршрутам. Кіраўніцтва ЗША заклікае стварыць міжнародны ваенны альянс, які даў бы адпор баевікам-хусітам, якія падтрымліваюцца Іранам. Рымская газета La Repubblica наракае наконт таго, што Захад не здолеў прадухіліць гэтую сітуацыю.

«У выпадку з хусітамі ЗША і Еўропа ўсё праспалі. Ім не ўдалося не толькі прадухіліць уздым гэтага ісламісцкага руху, але і ўціхамірыць грамадзянскую вайну, якая і дала гэтаму руху магчымасць паставіць пад свой кантроль большую частку тэрыторыі краіны. Як быццам усе забылі геаграфію і не падумалі аб тым, наколькі лёгка гэтым праіранскім баевікам будзе паставіць пад пагрозу Баб-эль-Мандэбскі праліў, які налічвае ўсяго толькі 29 кіламетраў у шырыню, і ператварыць яго ў тормаз глабальнага гандлю», – піша італьянскае выданне.

Папа Рымскі Францішак пастанавіў, што з гэтага часу каталіцкая царква зможа дабраслаўляць не толькі шлюб паміж мужчынам і жанчынай, але і саюзы аднаполых пар – хоць і без яўнага адабрэння іх статусу. Нягледзячы на больш раннія выказванні Францыска, яшчэ ў 2021 годзе Ватыкан катэгарычна выключаў такое благаслаўленне. «На ўсеагульную падзяку Папе Рымскаму разлічваць не даводзіцца», – мяркуе берлінская газета Die Welt.

«Наадварот – пратэст значнай часткі сусветнай царквы ў ЗША, Афрыцы – і не ў апошнюю чаргу ў самім Рыме – будзе сур’ёзным. Скажуць, што Францішак здрадзіў царкве, што ён прынёс устояныя вераванні ў якасці ахвяры на алтар павеваў часу. Але Папа, якому ў гэтыя выходныя споўнілася 87 гадоў і якога відавочна турбууюць праблемы са здароўем, ужо не прымае гэта да ўвагі. Мяркуючы па ўсім, ён адчувае, што ў яго засталося не занадта шмат часу, калі ён мае намер надаць свайму пантыфікату контур, які выходзіць за рамкі слоў і заяў. Што яшчэ ён плянуе зрабіць? З гэтага панядзелка раптам зноў стала магчыма ўсё», – наракае нямецкае выданне.

У панядзелак Фінляндыя і ЗША падпісалі пагадненне, якое дазваляе Вашынгтону выкарыстоўваць фінскія вайсковыя базы. Пасля таго як у красавіку гэтага года Фінляндыя ўступіла ў шэрагі НАТА, цяперашні крок стаў яшчэ адным сведчаннем таго, што Хельсінкі адмаўляецца ад палітыкі нейтральнасці, якой Фінляндыя прытрымлівалася на працягу дзесяцігоддзяў. Пуцін заявіў, што гэта абернецца для Фінляндыі «праблемамі». Цяпер Расеі, маўляў, давядзецца стварыць «Ленінградскую ваенную акругу» і сканцэнтраваць там «пэўныя воінскія падраздзяленні». «Мяркуючы па словах кіраўніка фінскага МЗС, якая назвала Расію «фашысцкім і імперыялістычным актарам», Хельсінкі строс з сябе кайданы страху перад Масквой», – такі каментар дае цюрыхская газета Tages-Anzeiger.

«З часоў заканчэння Другой сусветнай вайны Фінляндыя на працягу дзесяцігоддзяў трэслася ад страху перад Расеяй і, будучы пазаблокавай краінай, заўсёды рабіла стаўку на дыпламатыю. Мяжа працягласцю ў 1344 кіламетры была свайго роду хранічна запаленым нервам, які чырвонай ніткай праходзіў праз яе палітыку, размовы, само грамадства: абы гэты нерв не закрануць. Рэзкі тон Эліны Валтанен – гэта сведчанне таго, што з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне і ўжо тым больш Фінляндыі ў НАТА шмат што змянілася. Фінляндыя – краіна, якая непасрэдна мяжуе з варожым рэжымам, які яна, уласна, заўсёды і была. Проста зараз пра гэта гаворыцца адкрыта», – падкрэслівае швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: twitter.com/Straz_Graniczna