BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: На паўдарозе да мэты

  • Польшча абвінавачвае Беларусь у правакацыі на ўсходняй мяжы
  • Змена ўлады ў Польшчы: падводзячы вынікі праз год
  • Ці нашкодзіць Ілону Маску падтрымка Дональда Трампа?

«Польшча хоча часова прыпыніць права на прытулак. Прычыну ў Варшаве назвалі тым, што Беларусь можа рыхтаваць гвалтоўны напад мігрантаў на мяжы», – піша Der Tagesspiegel.

«Урад Польшчы абгрунтаваў свой план прыпынення права на прытулак тым, што суседняя з Беларуссю дзяржава плануе гвалтоўную правакацыю супраць мігрантаў на ўсходняй мяжы ЕЗ. «Інфармацыя, якую мы маем аб розных сцэнарах, распрацаваных у Беларусі і Расеі, апраўдвае такі ахоўны клапан», – заявіў TVN24 намеснік міністра ўнутраных спраў Мацей Душчык. Беларусь працуе над «гарачым памежным і міграцыйным крызісам». Гаворка ідзе пра гвалтоўны напад на мяжу з удзелам некалькіх сотняў чалавек з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў Польшчы. Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў у суботу, што яго краіна хоча часова прыпыніць права на прытулак. Польшча і Эўразвяз абвінавачваюць прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і яго саюзніка, Аляксандра Лукашэнку ў арганізацыі мігрантаў з крызісных рэгіёнаў да знешняй мяжы ЭЗ з мэтай ціску на Захад. Нягледзячы на ​​пабудову агароджы вышынёй 5,5 мэтраў і электронную сістэму назірання, мігранты кожны дзень спрабуюць нерэгулярна перасекчы мяжу. З пачатку года польская памежная служба зафіксавала ўжо амаль 28 тысяч такіх спроб», – канстатуе нямецкае выданне.


Правапапулісцкая партыя ПіС затрымалася ва ўладзе ў Польшчы на ​​цэлыя восем гадоў, пакуль у кастрычніку 2023 года па выніках выбараў не пазбавілася сваёй большасці ў парламенце. Кааліцыя, сфармаваная ў выніку Дональдам Тускам ад партыі Грамадзянская платформа, паспрабавала адмяніць распачатую ПіС судовую рэформу, а таксама рэфармаваць дзяржаўнае тэлебачанне, аднак у гэтых сваіх пачынаннях стала сутыкацца з часам жорсткім супраціўленнем. Пасаду прэзідэнта краіны з 2015 года займае блізкі да ПіС палітык Анджэй Дуда.

«Змену ўлады нельга лічыць канчаткова адбыўшайся, пакуль прэзідэнцкае крэсла займае прыхільнік ПіС», – такім назіраннем дзеліцца партал Interia.

«Па-першае, Дональду Туску не ўдалося дасягнуць усёй паўнаты ўлады. Насуперак уражанню, якое часам робіць сам Туск, на справе ў руках антыпісаўскай кааліцыі з 2023 года знаходзіцца заканадаўчая і “толькі” частка выканаўчай улады. Прэзідэнт Анджэй Дуда застаецца ў сваім крэсле, валодаючы правам вета і шэрагам іншых паўнамоцтваў, з чым Туску даводзіцца лічыцца. Уважлівае вывучэнне Канстытуцыі 1997 года прывяло Туска і яго атачэнне да высновы, што без перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 2025 года ім не ўдасца завяршыць працэс абяцанага збавення ад ПіС. Што ж, мы ў чаканні наступных выбараў!», – заўважае польскае выданне.


Ілон Маск ахвяраваў $75 млн у падтрымку Дональда Трампа. Па дадзеных Федэральнай выбарчай камісіі ЗША, столькі мільярдэр выдаткаваў за тры месяцы – з ліпеня па верасень. І гэта пацвярджае яго статус аднаго з найбуйнейшых “донараў” кандыдата ад рэспубліканцаў. Заходнія СМІ адзначаюць: захапленне найбагацейшага чалавека ў свеце палітыкай можа нашкодзіць яго бізнесу. «Новае захапленне можа дорага абысціся бізнэсмэну», – лічыць Politico. «Ён спрачаецца з Вашынгтонам і ўладамі Каліфорніі, якія адмовілася ўхваляць новыя запускі ракет Space X якраз з-за палітычных поглядаў мільярдэра. Цяпер усё складаней адрозніць Маска-бізнэсмэна ад Маска-палітыка. Бо ў яго ёсць і свой «электарат» – гэта Уол-стрыт. І улічваючы падзенне капіталізацыі Tesla на $68 млрд пасля нядаўняй прэзентацыі робатсі, гэта як раз тая сіла, якая можа прыцягнуць магната зваротна да Зямлі», – падкрэслівае амерыканскае выданне.


Італія адправіла першае судна з мігрантамі на борце ў суседнюю Албанію. Заявы аб прадастаўленні прытулку ад 16 мужчын з Егіпта і Бангладэш павінны быць разгледжаны ў тамтэйшых цэнтрах прыёму бежанцаў у паскораным парадку – як тое прадугледжвае пагадненне, падпісанае паміж Рымам і Тыранай у мінулым годзе. «Разрыў шаблону назіраецца па ўсёй Еўропе», – заўважае барселонская La Vanguardia. «Еўракамісія плануе ўзмацніць жорсткасць прадпісання па рэадмісіі (дэпартацыях) і называе мадэль, узгодненую цяпер паміж Італіяй і Албаніяй, «інаватыўным рашэннем». Уршуля фон дэр Ляен выступае за заключэнне пагадненняў з “бяспечнымі трэцімі краінамі”, па прыкладзе тых, што заключаны з Тунісам і Егіптам, і паглядае ў бок Лівіі, Алжыра і Маўрытаніі. Пагадненне з Турцыяй дзейнічае з 2016 года. Тэндэнцыя да больш суровых захадаў праяўляецца і ў рашэннях, якія прымаюцца ўсё большай колькасцю краін, пачынаючы з памежнага кантролю ў Францыі і Германіі – і заканчваючы часовым прыпыненнем дзеяння заканадаўства аб прыстанішчы ў Фінляндыі і Польшчы. Непрыманне міграцыі як такой назіраецца па ўсёй Еўропе», – піша каталонскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя