BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку прайшла акцыя салідарнасці з беларусамі і пратэсту супраць бязвыбараў

У Беластоку ў скверы Вольнай Беларусі каля генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь прайшла акцыя салідарнасці з палітвязнямі і пратэсту супраць таго, у якіх умовах зараз там адбываюцца так званыя выбары прэзідэнта. 

Гавораць удзельнікі акцыі:

–  Каб беларусы маглі таксама ўнутры краіны пабачыць, што беларусы за мяжой выйшлі на акцыю, каб яшчэ раз расказаць пра палітвязняў, пра сапраўднае становішча ў Беларусі і пра тое, што Беларусь знаходзіцца ў канцлагеры і так мажліва падсумаваць гэтыя бязвыбары, якія будуць адбывацца 26 студзеня.

–  Я заклікаю не ісці на гэтыя “выбары”, таму што гэта небяспечна, лепей застацца дома разам са сваёй сям’ёй, можа, з’ездзіць да сваіх бабуль, дзядуль. Гэта будзе больш карысна.

– Што гэта за выбары, калі нельга пайсці грамадзяніну Беларусі прагаласаваць, бо ён жыве за мяжой. Заўсёды можна было, ва ўсіх краінах таксама можна. А цяпер не можна.

 Так званыя выбары прэзідэнта пройдуць у Беларусі 26 студзеня. Заўтра распачнецца датэрмінове галасаванне. Нагадаем, што ўпершыню ў гісторыі беларусы не будуць мець магчымасці прагаласаваць па-за межамі краіны. Рэжым у Менску скасаваў такую магчымасць пасля 2020 года.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

***

У нядзелю, 19 студзеня, беларусы Беластока зладзілі акцыю з нагоды надыходзячых у Беларусі “бязвыбараў”. Гэтым яны нагадалі свету, у якой абстаноўцы адбудуцца гэтыя “выбары” – па-за межамі закона, справядлівасці, праўды. На фоне рэпрэсій, прыніжэння, запалохвання народа, на фоне вайны.

“Гэта – не наш выбар. І не нашыя “выбары”.Справядліва выбіраць кіраўніка нашай краіны – тое, чаго б мы, беларусы, вельмі хацелі. І такі дзень прыйдзе”, – кажуць беларусы Беластока.

На акцыю завітала каля паўсотні чалавек.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя