BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі ў Беластоку

Сёлета 12 лістапада спаўняецца чатыры гады з моманту гвалтоўнай смерці беларускага актывіста Рамана Бандарэнкі.

Раман спрабаваў спыніць знішчэнне бел-чырвона-белай сімволікі сілавікамі ў двары шматкватэрнага дома, дзе жыў ён у Менску. Быў жорстка збіты і ў выніку памёр.

На знак памяці і абурэння дзеяннямі ўладаў у Беларусі беларуская дыяспара распачала акцыю ля сценаў Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку, па адрасе Сквер Вольнай Беларусі, 1. Акцыя заклікана нагадаць пра ахвяры лукашэнкаўскага рэжыму і выказаць салідарнасць з палітвязнямі.

Сабралася каля паўсотні чалавек, людзі нясуць знічы да стыхійнага мемарыялу ў памяць Рамана Бандарэнкі і ўскладаюць на ходніках ля консульства.

На акцыі працуюць беларускія карэспандэнты, а таксама Беластоцкае тэлебачанне і радыё. Прысутнічае і паліцыя.

Слова ўзяў старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа:

– Балюча, калі людзі гінуць за Радзіму, іх шмат. Як і мараў, што Беларусь не загіне. Мы павінны працягваць гэтую справу, за якую заплочана найвышэйшая цана. Памяць і малітва могуць прынесці сілы ісці далей, каб не раскідалі нашую Беларусь. І мы пераможам!

Працуе вольны мікрафон. Удзельнікі акцыі выказваюцца пра значэнне барацьбы нават аднаго чалавека, як Раман, каб натхніла народ на захаванне сябе і краіны для будучыні.

Героі не паміраюць!

Узгадваюцца ўсё загінуўшыя ў Беларусі і Украіне. Яны загінулі за Беларусь ад рук рэжыму, які захапіў уладу ў краіне.

Зачытваецца верш Насты Кудасавай пра сэрца маці.

Мне не трэба Героя, вярні мне сына…

Раман стаў сімвал сутыкнення Беларусі актыўнай, ініцыятыўнай, новай, у чаканні перамен, і машыны па знішчэнні ўсяго жывога – старога ладу, які не жадае сыходзіць, хаця патрэбныя перамены.

Гучыць заклік быць вартымі такіх людзей і патрабаваць суду над вінаватымі.

Акцыя завершана.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя