У Варшаве прайшла чарговая акцыя салідарнасці з палітвязнямі, прымеркаваная да 10 снежня – Дня правоў чалавека. Акцыя была нешматлюднай. Выступоўцы ў чарговы раз гучна прамаўлялі пра адсутнасць правоў чалавека ў Беларусі, пра жорсткія рэпрэсіі і расчалавечванне беларусаў у Беларусі.

Кажа арганізатар акцыі, сябра грамадскай арганізацыі «Акцыі беларусаў Варшавы», чалец Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Васіль Плешкуноў:
– 10 снежня – Міжнародны дзень правоў чалавека. Але ў Беларусі дагэтуль працягваецца бяспраўе. Базавыя правы людзей, што трапілі за краты, парушаюцца з бесчалавечным цынізмам. Уся краіна жыве ў страху, бо не мае права беспакарана ўзняць голас. Нават за мяжой беларусы вымушаныя баяцца. Адмова на выдачу візы азначае экстрадыцыю наўпрост у пастарункі спецслужб. Але тут мы маем голас. Мы можам гучна гаварыць пра ўсе свае правы і стаць голасам тых, хто гэтага пазбаўлены.
10 снежня – Міжнародны дзень правоў чалавека, прымеркаваны да гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека Генеральнай Асамблеяй ААН у 1948 годзе. Гэты дзень стаў значны для чалавецтва, бо сімвалізуе важнасць абароны правоў і свабод кожнага чалавека.







Беларускае Радыё Рацыя