На плошчы каля помніка Ежы Папялушку ў Беластоку прайшла акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам. Арганізатары акцыі: Саюз палякаў Беларусі і Падляшскі аддзел Таварыства «Wspólnota Polska».

Кіраўніца аддзела Ганна Кетліньска: “Анджэй у дрэнных умовах, дакладна, палітычных варунках, але і гэта дае спадзеў, што раптам, што зменіцца…”

Ганна Кетліньска таксама распавядае пра тое, што на Беларусі дагэтуль існуюць праблемы вывучэння польскай мовы для жадаючых, не ліквідаваны перашкоды для працы польскіх школ.
Большасць прысутных на акцыі складаюць прадстаўнікі беларускай дыяспары. Агулам сабралася каля 40 чалавек.
Гучыць зварот да ўсіх СМІ шырока распавядаць пра праблемы палітвязняў у Беларусі і заклікаць свет садзейнічаць іх вызваленню.
Марэк Занеўскі, віцэ-старшыня Саюза палякаў у Беларусі: “Сітуацыя складаная, Анджэй у карцары. За ўдзел у нашых акцыях могуць быць праблемы ў сваякоў у Беларусі. Але варта гаварыць пра праблемы палітвязняў у Беларусі”.




Слова бярэ праваабаронца Уладзімір Хільмановіч.

Ён распавядае пра сумесную дзейнасць з Анджэем Пачобутам у Беларусі. Уладзімір Хільмановіч успомніў і памерлую сёння маці палітзняволенага Вітольда Ашурка – Алену Міронаўну Ашурак. Праваабаронца жадае ўсім палітзняволеным сустрэцца найхутчэй са сваімі сваякамі. Прагучалі імёны і Дзяніса Івашына, Паўла Мажэйкі. Але ўвесь спадзеў на грамадскую салідарнасць, бо палітыкай у Беларусі кіруе Расея.
Слова ўзяў сябра БАЖ Уладзімір Лапцэвіч, які падкрэсліў важнасць такіх акцый.

Ён кажа, што можна зрабіць яшчэ больш, трэба шукаць шляхі. Размаўляць з уладамі Польшчы і ЕЗ. Сябра БАЖ заклікаў калег максімальна працаваць з тэмай палітвязняў, рабіць яе частай тэмай. Падкрэсліў, што такія акцыі зараз у Беларусі немажлівыя.
8 лютага 2023 года журналіст і актывіст Саюза палякаў Беларусі быў асуджаны лукашэнкаўскім судом на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «распальванне варожасці» і «рэабілітацыю нацызму», а таксама «за заклікі да ўвядзення санкцый». Дзяяч быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года і знаходзіцца за кратамі ўжо 37 месяцаў.
Беларускае Радыё Рацыя