BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам у Беластоку

У скверы каля помніка Ежы Папялушку прайшла чарговая акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам, якая ладзіцца штомесяц.

Акурат 22 снежня спаўняецца 1000 і 1 дзень, як палітвязень Анджэй Пачобут знаходзіцца ў беларускай турме. Ён быў арыштаваны на падставе ўласнага артыкула пра напад Савецкага Саюза ў хаўрусе з нацысцкай Германіяй на Польшчу ў верасні 1939 года. І дагэтуль на волю не выйшаў. Сёлета ў лютым Гарадзенскі суд прысудзіў яго да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за «распальванне варожасці», «рэабілітацыю нацызму» і «заклікі да дзеянняў на шкоду Беларусі». Польскае МЗС пастаянна працуе над вызваленнем Пачобута. Не спыняюцца і рэгулярныя беластоцкія акцыі.

«Гэта ўжо 31-я акцыя па ліку. Вядома, што лісты амаль не даходзяць да Пачобута. Таксама яму не хапае патрэбных лекаў, сустрэчы з роднымі абмежаваны»– кажа намеснік старшыні Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.

Колькасць удзельнікаў павялічылася да 30. Большасць удзельнікаў складаюць беларусы.

Слова бярэ дэпутат Роберт Тышкевіч: “Анджэй Пачобут адбывае незаконнае пакаранне за прыхільнасць да свабоды слова і ягоную польскасць, схільнасць да гісторыі Рэчы Паспалітай.”

Слова бярэ Ганна Кетлінская, прэзідэнт Падляшскага аддзялення арганізацыі Wspólnota Polska: “Усё што можна зрабіць зараз – нязломна паказваць сваю салідарнасць з палітзняволенымі ў Беларусі.”

Гучыць зычэнне і ў наступным годзе захаваць такую салідарную супольнасць, пашыраць інфармацыю пра палітвязняў Беларусі. Акцыі працягнуцца і ў наступным годзе.

Анджэй Пачобут паказаў сябе чалавекам справы, плаціць за гэта сваёй свабодай. Сама акцыя-сустрэча ў вігілійнае свята мае сімвалічны характар, у час барацьбы святла і цемры.

Прапанавана пакінуць для яго і для кожнага палітзняволенага вольнае месца за сталом, каб усе палітзняволеныя хутчэй пабачылі свабоду.

Слова бярэ актывіст Сяргей Верамеенка, які распавёў пра палітычны стан у Беларусі і становішча палітзняволеных. Пачобут, Мажэйка і Івашын – яскравыя прыклады сапраўднай журналістыкі, якая для дыктатуры выглядае сапраўднай зброяй. Важна, каб усе палітзняволеныя ў Беларусі дажылі да дня свайго вызвалення: “Беларусы ў Польшчы – гэта частка польскага народа, як і палякі ў Беларусі – гэта частка беларускага народа. У гэтым агульная сіла.”

Агучаны шляхі падтрымкі палітзняволеных, не толькі паштоўкамі, але і падтрымкай сваякоў.

Беларускае Радыё Рацыя