BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Акцыя салідарнасці з “NIZKIZ” і “TOR BAND” у Беластоку

Беларуская дыяспара ў Беластоку ў скверы Вольнай Беларусі і каля сцен Консульства Беларусі ў Беластоку правяла акцыю салідарнасці з музыкамі беларускіх гуртоў “NIZKIZ”, “TOR BAND”, арыштаваных рэжымам Лукашэнкі за песні свабоды, ды іншымі зняволенымі дзеячамі беларускай культуры. Паводле звестак праваабарончага цэнтру “Вясна”, за кратамі знаходзіцца каля 100 дзеячаў культуры: акторы, музыкі, архітэктары, танцоры і пісьменнікі.

“Спяваць у Беларусі небяспечна, калі ты не спяваеш для рэжыму Лукашэнкі. Танцаваць небяспечна, калі не танчыць пад дудку дыктатара. Цікавіцца гісторыяй небяспечна, бо можаш апынуцца экстрэмістам. Але мастацтва патрабуе свабоды, як паветра”, – кажуць арганізатары.

Гучыць песня Nizkiz “Правілы”, за якія рэжым помсціць музыкам гурту, і фактычна ўсім беларусам.

“Беларусь у палоне. Дзеячы мастацтва і культуры і Беларусі заўсёды неслі традыцыю, якая нязручная рэжыму, а таму рэпрэсіі працягваюцца. Не толькі ў бок тых, хто ў Беларусі, але на тых, то па-за межамі. Такі мітынг – чарговы крок паказаць нязгоду з рэжымам”, – гучыць з мікрафону пад консульствам.

“Зняволенне беларускіх дзеячаў культуры і смерці ў турмах – гэта знак нам усім выходзіць з-пад уплыву расейскага культурнага поля”.

З-за марозу апаратура на акцыі не спрацоўвае. Але ўдзельнікі акцыі выконваюць усе песні пратэсту па памяці хорам.

“Няма такога марозу, які спыніць прагу беларусаў да свабоды”. У прыклад прыводзіцца паўстанне ў ГУЛАГу, дзе прымаў удзел і беларус Півавараў.

Пасля такой прамовы ды песень апаратура запрацавала належным чынам. Працуе вольны мікрафон.

Гучыць заклік слухаць беларускую музыку, падтрымліваць творцаў, палітвязняў, выходзіць на мітынгі і паказваць, што беларусы і Беларусь жывыя.

Мітынг завершаны.

Беларускае Радыё Рацыя