У цэнтры Варшавы ля помніка Каперніку прайшла акцыя ў гонар Дня беларускай вайсковай славы. На акцыі прысутнічалі прадстаўнікі Аб´яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, Аліна Коўшык, а таксама дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Шмат гаварылася пра гісторыю свята, пра акупацыю Беларусі Расеяй, пра каліноўцаў і палітзняволеных.

10 каліноўцаў былі ўзнагароджаны медалём «Гонар і годнасць» ад Аб´яднанага пераходнага кабінета, гаворыць Аліна Коўшык:
– Слава Воршы ўжо не горша! 510 гадоў таму нашыя продкі пабілі маскалёў. На жаль сёння працягваецца змаганне з маскальскай імперыяй. І сёння беларусы змагаюцца і бюць маскалёў. І нашая задача – давесці гэтую гістарычную перамогу да канца, зрабіць так, каб нашая краіна была вольная, каб нашыя хлопцы не мусілі гінуць. Каб у нас было сапраўднае беларускае войска, якое будзе нас абараняць.
Акцыя ў гонар 510-годдзя бітвы нашых продкаў з маскалямі была нешматлюднай, пра што з горыччу гаварылі прысутныя. Паводле ўдзельнікаў акцыі, сорамна за нашых людзей сёння, нашы продкі змагаліся, а мы – хто ў эміграцыі, а хто на канцэрце Бузавай і Міхайлава.















Беларускае Радыё Рацыя






