Акцыя ў падтрымку палітзняволенай Марфы Рабковай прайшла 17 верасня ў Вільні. Яна была прымеркаваная да пяцігоддзя затрымання жанчыны, яе зладзіў праваабарончы цэнтр “Вясна” на плошчы Вінцаса Кудзіркі.

Восем праваабаронцаў трымалі партрэты каардынатаркі валанцёрскай службы “Вясны”, якія разам складаліся ў адзін заклік да свабоды Марфы.
Праваабаронца “Вясны” Марына Кастылянчанка, якая была добра знаёмая з Марфай, згадвае пра яе затрыманне ў Беларусі:
– 17 верасня – гэта быў дзень, калі «Вясне» ўручалі прэмію ад польскага ўраду Яна Карскага. «Вясна» ў тым ліку была запрошана да польскіх прадстаўнікоў, дыпламатаў, якія непасрэдна ўручалі гэтую прэмію, і пасля гэтага, калі мы ўжо развіталіся і разышліся па дамах, Марфа да дому такі не даехала. У той дзень яна была брутальна затрыманая, у яе быў праведзены вобшук, і з той пары яна знаходзіцца за кратамі.
Паводле Канстанціна Старадубца з праваабарончага цэнтра “Вясна”, гэта вельмі значная акцыя салідарнасці:
– Гэтая акцыя значная перадусім таму, што пяць гадоў, а я нагадаю, што Марфа знаходзіцца ў зняволенні ўжо пяць гадоў, гэта шалёны, жахлівы тэрмін у тых умовах, пра якія мы ўсе ведаем, якія проста несумяшчальныя з нармальным чалавечым існаваннем, таму тое, што можам зрабіць, каб паказаць, што мы не забылі Марфу, асабліва на фоне ўсіх апошніх падзеяў з вызваленнямі, што мы чакаем яе, што мы хочам, каб яна найхутчэй была вызваленая.
Нагадаем, каардынатарку валанцёркай службы “Вясна” ўлады Беларусі затрымалі 17 верасня 2020 года і прысудзілі да 15 гадоў зняволення і велізарнага штрафу. Па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін на тры месяцы. Жанчына ўтрымліваецца ў гомельскай папраўчай калоніі №4, яе ўнеслі ў так званыя “экстрэмісцкі” і “тэрарыстычны” спісы.
Цалкам матэрыял:

















Беларускае Радыё Рацыя






