BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Акцыя з нагоды Дня Беларускай вайсковай славы ў Беластоку

У скверы Вольнай Беларусі, пад сценамі Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку прайшла акцыя з нагоды Дня Беларускай вайсковай славы.

510 год таму 8-га верасня адбылася знакамітая Бітва пад Воршай, падчас якой войскі ВКЛ разбілі значна большае па колькасці войска Маскоўскай дзяржавы. Удзельнікі акцыі згадваюць не толькі падзеі тых далёкіх дзён, але і нашых сучаснікаў – мужных беларускіх ваяроў, якія змагаюцца зараз за свабоду Украіны, свабоду Беларусі.

Выконваецца гімн Мы выйдзем шчыльнымі радамі.

“Мы голас тых беларусаў, хто не можа зараз выказацца”. Ідзе пералік тых жыхароў Беларусі, хто пацярпеў за салідарнасць з Украінай і супраціў расейскім войскам у Беларусі.

Аддаецца даніна павагі беларусам, які ваююць на баку Украіны. І тым, хто загінуў за Украіну і Беларусь, пачынаючы з 2014 года. Праводзяцца і гістарычныя паралелі з 1514: чаму гісторыя паўтараецца і што рабіць з Расеяй.

Слова ўзяў галоўны рэдактар Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа.

“Гэта свята з далёкага сярэднявечча, калі разумелі, як важна бараніць свае межы. Бітву вяло войска ВКЛ – кроў пралітая праз стагоддзі. І ідэя беларускага незалежнага войска павінна жыць, як і ў 1992 годзе, калі шэраг беларускіх афіцэраў верыла ў такую  мажлівасць абароны краіны.

Гэта вайна з Расей сёння – вайна ўсіх, не толькі ваяроў, але і палітзняволеных, мігрантаў, актывістаў, на полі бою і ў мірным жыцці”.

Успомнілі і Мікалая Статкевіча, які ў Новай Беларусі, на думку ўдзельнікаў акцыі, павінен узначаліць міністэрства абароны.

Кожны можа зрабіць усё, каб перамога надышла хутчэй. Працуе вольны мікрафон.

“Наперадзе яшчэ працяглая барацьба, – кажуць беларусы і ўкраінцы, удзельнікі акцыі. Яшчэ замацуем бел-чырвона-белы сцяг у Менску”.

Адпаведна адбыўся флэшмоб для ініцыятывы беларусаў Шчэціна па ўшанаванні 4-годдзя берасцейскага карагода. Акцыя завершана. Агулам сабралася каля паўсотні чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя