У скверы Вольнай Беларусі ля Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку, распачалася хіба ці не самая важная акцыя года – з нагоды Дня палітвязня і 3-й гадавіны забойства рэжымам Лукашэнкі палітзняволенага Вітольда Ашурка. Сёлета тэма Дня палітвязня – права на здароўе і медычную дапамогу ў зняволенні.

“Гэтае права з’яўляецца ўніверсальным, але беларусаў і беларусак, затрыманых па палітычных матывах, ужо амаль чатыры гады ўтрымліваюць у нечалавечых умовах у ізалятарах, пазбаўляюць сродкаў гігіены і лекаў, падвяргаюць катаванням. На гэты момант праваабаронцам вядома пра не менш як 254 палітвязні, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. На дадзены момант у Беларусі 1392 палітзняволеныя”, – зачытваюць статыстыку прысутныя.
Удзельнікі акцыі прыйшлі, каб выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі, прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да праблемаў незаконнага зняволення і неаказання пры гэтым належнай медычнай дапамогі ў месцах няволі. Пры гэтым, чарговы раз удзельнікі акцыі патрабуюць ад рэжыму вызвалення ўсіх палітзняволеных, а міжнародную супольнасць – заклікаць рабіць больш рашучыя крокі супраць рэжыму Лукашэнкі. Акрамя гэтага аналагічныя акцыі адбываюцца ў 25 гарадах па ўсім свеце.





Абвешчана хвіліна маўчання па ўсіх палітвязнях, якія памерлі ў турмах Беларусі.
Слова ўзяў галоўны рэдактар Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа.

“Беларускае слова з-за кратаў – гэта гісторыя Беларусі цягам стагоддзяў, і ніхто не зломіць дух беларуса. Прыкладам гэтага – Турэмны Зборнік”. Зачытваецца верш палітвязня Паўла Белавуса пад назвай “Беларускі дом”.

Слова бярэ былы палітвязень Віктар Пархімчык, які трапіў у тую ж калонію, што і Вітольд Ашурак.

Прысутныя аддаюць даніну пашаны загібламу ў палітзняволенні Вітольду Ашурку, узгадваюць яго пахаванне.

Прысутныя ўзгадваюць палітзняволенага Паўла Севярынца. Гучаць прапановы, як можна дапамагчы палітвязням у зняволенні.

Працуе вольны мікрафон. Выступоўцы ўспамінаюць Вітольда Ашурка.
Мітынг завершаны.
Беларускае Радыё Рацыя