BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Акцыя з нагоды Дня Палітвязняў у Беластоку

21 траўня адзначаецца Дзень салідарнасці з палітвязьнямі Беларусі. Гэтую дату праваабаронцы прысвячаюць памяці актывіста Вітольда Ашурка, які памёр у шклоўскай калоніі 21 траўня 2021 года.

Пра свайго сябра Вітольда распавядае Сяржук Пантус:

-Ён прасякнуты любоўю да Беларусі, бо Вітольд вельмі любіў Беларусь. Ён вывучыў беларускую мову. У 2010 годзе яго першы раз у Менску пасадзілі за Плошчу. Ён 12 сутак адсядзеў, прыйшоў і вывучыў беларускую мову і ўсюды размаўляў па-беларуску. Вітольд быў прынцыповым. За прынцыповасць яго і забілі.

Па словах кіраўніка Беларускага Радыё Рацыя Яўгена Вапы, такія акцыі сталі ў Беластоку традыцыйнымі:

-На акцыі, звязаныя з палітычнымі вязнямі і сітуацыяй ў Рэспубліцы Беларусь мы ходзім з моманту прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады. Гэта не ёсць першая акцыя і не з 2020 года. Мы пратэставалі тады, калі ён толькі прыйшоў да ўлады. Лічу, што гэта антыбеларуская, антыдзяржаўная, антынародная ўлада, якая не павінна мець месца ў Беларусі.

На акцыі ў Беластоку было каля 50 актывістаў, сярод якіх былі былыя палітвязні, грамадскія актывісты, што вымушана пакінулі Беларусь пасля выбараў 2020 года, а таксама беларусы, што пакаленнямі жывуць у Беластоку.

Цалкам матэрыял:

21 траўня ў розных кутках вольнага свету беларусы праводзяць акцыі салідарнасці з палітзняволенымі суродзічамі. Адна з іх прайшла ў Беластоку ў скверы Вольнай Беларусі. 

Паводле арганізатараў, гэта ці не самая важная акцыя беларускай дыяспары ў Беластоку.

Беларускае Радыё Рацыя, Беласток