Актыўнасць мігрантаў на мяжы Беларусі і ЕЗ у 2024 годзе была на амаль 14 працэнтаў ніжэйшая, чым у 2023-м.

У 2024 годзе суседнія краіны Еўразвязу зафіксавалі 36 291 спробу мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі — гэта на 13,8% менш, чым у 2023-м (42 078), сведчыць праведзены «Позіркам» аналіз даных памежных службаў.
На польскім участку мяжы было 29.972 такія спробы, на латвійскім — 5.317, на літоўскім — 1.002.
У Польшчы суткавы рэкорд паводле колькасці перадухіленых выпадкаў нелегальнага перасячэння мяжы з беларускай тэрыторыі быў усталяваны 10 красавіка (457), Латвіі — 15 кастрычніка (82), Літве — 20 ліпеня (40).
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕЗ цягнецца з вясны 2021 году. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве. Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нерэгулярных мігрантаў, якія ідуць у Еўразвяз праз Беларусь, таму што іх туды «паклікалі».