BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Актывістам “Еўрамайдан-Варшава” пагражаюць за іх дзейнасць

Актывісты дабрачыннай украінскай ініцыятывы “Еўрамайдан-Варшава” пачалі часцей сутыкацца з пераследам і ціскам за сваю дзейнасць. Па інфармацыі аб’яднання, толькі цягам апошніх месяцаў на лідарку арганізацыі Наталлю Панчэнку двойчы нападалі на вуліцы; акрамя таго, яна рэгулярна атрымлівае пагрозы смерцю. Павялічыўся прэсінг і іншых валанцёраў Еўрамайдана. Каб забяспечыць асабістую абарону, юрыдычныя паслугі, маніторынг і прафесійную крызісную камунікацыю для актывістаў, ініцыятыва запусціла збор сродкаў.

Надзея Ярэма

Пра яго і агульную сітуацыю Госця Рацыі – валанцёрка “Еўрамайдан-Варшава” Надзея Ярэма – распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: Вашыя актывісты зараз сутыкаюцца з пераследам, з ціскам. Распавядзіце, наколькі глабальная гэта сітуацыя, колькі чалавек сталі ахвярамі?

Надзея Ярэма: Спачатку гэта ўсё было толькі ў інтэрнэце, але ўсё больш людзей з нашай каманды атрымліваюць пагрозы. Нам пагражаюць, што ведаюць, дзе мы жывем, што ведаюць, як выглядаюць нашыя аўтамабілі, і многія з нашых валанцёраў маюць сем’і, дзяцей. І ім пачынаюць пагражаць, што выкрадуць дзяцей, пагражаюць нам  і нашым родным забойствам. Даволі вялікая колькасць нашых валанцёраў атрымліваюць такія пагрозы і гэта сітуацыя са свету віртуальнага пачынае пераходзіць у свет рэальны, таму мы пачынаем актыўнае процідзеянне.

РР: Калі мы кажам пра значную колькасць людзей, то колькі гэта чалавек?

Надзея Ярэма: Актыўных валанцёраў у нас каля 40 чалавек. Гэта ўсё людзі, якія працуюць на валанцёрскіх пачатках. То бок, гэта людзі, якія адказваюць за ўсе падзеі і акцыі, якія мы робім, абсалютна на валанцёрскіх пачатках. Вялікая частка нашай каманды, я не буду казаць колькі ў мэтах бяспекі, але многія атрымліваюць пагрозы.

РР: Калі мы кажам, што гэтыя пагрозы перайшлі ад віртуальнага фармату да рэальнага, то што менавіта гэта за злачынствы?

Надзея Ярэма: Ужо пачынаюцца сітуацыі, калі нас сустракаюць на вуліцы і пачынаюць пагражаць на вуліцы нашым прадстаўнікам і непасрэдна нашай лідарцы – Наталлі Панчанцы.

РР: Тое, што вы знаходзіцеся на тэрыторыі Еўразвязу, наколькі гэта вас заспакойвае?

 Надзея Ярэма: Так, гэта сапраўды крыху супакойвае, таму што мы ведаем, што заўжды можам звярнуцца ў паліцыю, у адпаведныя органы. Мы і звярталіся. І мы атрымліваем адпаведную дапамогу, але напэўна на гэтым этапе, на якім мы зараз знаходзімся, гэтага напэўна ўжо мала.

РР: Ці праводзілі вы расследаванне, хто гэтыя людзі, якія пагражаюць?

Надзея Ярэма: Мы самі зараз займаемся расследаваннем. І напэўна ні для каго не будзе сакрэтам, што гэта Расея і фінансаванне, зразумела, ідзе з Расеі. Таму што зразумела, што яны не хочуць каб мы актыўна дзейнічалі.

Збор сродкаў адбываецца на платформе Zrzutka (https://zrzutka.pl/wmw2c2) і Patronite (https://patronite.pl/fundacjastandwithukraine). Да таго ж ініцыятыва звяртаецца і да бізнес-супольнасці — як польскай, так і ўкраінскай — з просьбай падтрымаць фонд ахвяраваннямі.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя