Міністэрства абароны Польшчы і генеральны штаб польскага войска на пачатку мінулага тыдня прадставілі план абароны ўсходняй Польшчы “Шчыт усход”. У Дубічах Царкоўных на Гайнаўчыне кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск анансаваў увядзенне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю. Таксама стала вядома, што з 4 чэрвеня на 90 дзён рашэннем міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы будзе ўведзена забарона на наведванне 26-ці населеных пунктаў гайнаўскага павету і адной мясцовасці ў беластоцкім павеце. Мэта – барацьба з “гібрыднай вайной”, якую вядуць з краінамі Еўразвязу, Менск і Масква.
Як гэта зменіць жыццё жыхароў памежных з Беларуссю рэгіёнаў, населеных перш за ўсё этнічнымі беларусамі? З гэтым пытаннем Ганна Шайкоўская звярнулася да гісторыка, прафесара Алега Латышонка.
– Тут ёсць некалькі праблемаў. Нельга адказаць адным сказам ці асобна ад іншых. Калі ідзе размова пра забеспячэнне мяжы, то я лічу, што тут я не буду арыгінальным. Хапае падвоіць памежную службу, даць усім, магчыма, новы рэгламент, каб больш станоўча маглі абараняць мяжу. Гэта было б найлепш для нашага ўспрымання, паколькі тубыльцы б служылі ў гэтай памежнай ахове, і таксама гэта былі б і заробкі, і кватэры для тых людзей, пабудова кватэр. Тым часам там гаворыцца, што мае быць нейкія равы, мінныя палі. Я так разумею, што гэта не асобная праблема мігрантаў, тут размова пра абарону краіны.
Праблема ў тым, зусім іншая ад аховы памежжа, што генералы звычайна рыхтуюцца да папярэдняй вайны. Канкрэтна яны рыхтуюцца да той вайны, якая ідзе ва Украіне ў выніку агрэсіі Расеі. Яе называюць поўнамаштабнай, але яна зусім не поўнамаштабная. І калі будзе вайна Расея-НАТА, не дай Бог, то гэта будзе ядзерная вайна. І ўсе ўмацаванні не будуць мець ніякага значэння.
РР: Менавіта прыблізны кошт гэтых умацаванняў – гэта 10 мільярдаў злотых. Некаторыя аналітыкі кажуць, што адзін мільярд каштуе, каб пабудаваць 20 кіламетраў, напрыклад, хуткаснай дарогі. Гэта велізарныя грошы.
Алег Латышонак: Не, гэтыя грошы смешна малыя, калі ідзе размова пра тое, што трэба было б пабудаваць сапраўды. Як пішуць спецыялісты, што сапраўдныя сумы проста не названыя, каб не палохаць людзей. І ёсць яшчэ шмат праблем.
Калі такое пабудаваць, то, вядома, памяняецца краявід, скончыцца магія Падляшша, турызм і таму падобнае.
Генерал Скшыпчак звярнуў увагу, што ва ўсіх гэтых праектах зусім не ўспамінаюцца тубыльцы, мясцовыя жыхары. Што з імі, як ім жыць? Гэта быццам уладаў не цікавіць, і гэта вельмі насцярожвае.
РР: Менавіта ідзе небяспека, што будуць пераселеныя жыхары гэтых месцаў, бо сапраўды ёсць мясцовасці, якія месцяцца блізка ля гэтай мяжы.
Алег Латышонак: Чакаць мы можам усяго, паколькі ніхто нічога не ведае. Быў кінуты лозунг, пасля вельмі хутка быў адпрацаваны праект. Відаць, які быў накінуты паводле выказванняў розных генералаў – аднаму марылася 50 кіламетраў замініраваная зона, ажно пад Беласток, іншаму – заліванне тэрыторый. Але ўсё гэта можа абярнуцца трагедыяй для жыхароў усходняй Беласточчыны, бо мы гаворым пра тэрыторыю кампактна населеную беларусамі. І пра беларусаў ніхто не ўспамінае пакуль што.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя