BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алеся Вербаловіч пра дарагое шоў на беларуска-польскай мяжы

Пункт пропуску «Бераставіца». Фота: newgrodno.by

Калі вы думаеце, што робіце ў жыцці нешта няважнае, ці нават можа марнае, то не спяшаецеся з высновамі. Я распавяду вам пра людзей, якія цалкам могуць атрымаць галоўны прыз за бессэнсоўныя дзеянні.

Днямі ў Беларусі адкрылі пасля маштабнай рэканструкцыі… памежны пункт пропуску Бераставіца. І ўсё б нічога, але толькі гэта пункт у нікуды. Адтуль нельга з’ехаць, туды нельга прыехаць. З польскага боку мяжа там зачынена яшчэ з 2023 года ў якасці адказу на прысуд журналісту і лідару саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту.

Але чыноўнікі і сілавікі з помпай адчынілі пункт пропуску, ўрачыста разрэзалі стужачку (куды ж без гэтага) і нават паставілі ў гонар адкрыцця пункту памятны знак. Радасна распавялі ў інтэрв’ю аб тым, як палепшыліся ўмовы для грамадзян, якія перасякаюць мяжу. Тых самых грамадзян, якіх там няма.

Не вядзецца гутаркі пра тое, каб вызваліць Пачобута і неяк пачаць наладжваць адносіны з суседзямі. Але вось – рэканструююць пункт. Ведаеце, гэта як наляпіць шпалеры ў доме, дзе засталіся дзве сцяны з чатырох і радавацца выбітнаму рамонту.

Ну і выходзіць, што пункт пропуску зараз працуе. То бок нейкія людзі будуць ствараць там бачнасць бурнай дзейнасці і нават атрымліваць за гэта нядрэнныя па беларускіх мерках заробкі.

І ведаеце, усё б нічога, беларусы прызвычаіліся да паказухі і цырку. Хаця б гэтыя артысты самі фінансавалі свае хацелкі. Але ж усё гэта прадстаўленне яшчэ і за грошы падаткаплацельшчыкаў. Вось што крыўдна.

Беларускае Радыё Рацыя