Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы пашырыла Нацыянальны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключыўшы ў яго бельскі абрадавы ручнік. Ініцыятарам прапановы для такога ўнясення выступіла даследчыца такога элемента Падляшскага рэгіёна – Аліна Дэмбоўская.

Пра тое, чым адрозніваецца бельскі абрадавы ручнік ад астатніх на Падляшшы, і што можа даць для яго захавання і папулярызацыі ўнясенне ў Нацыянальны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчын, спадарыня Аліна распавяла для Вольгі Сямашкі:
РР: Дазвольце павіншаваць вас з унясеннем бельскага абрадавага ручніка ў Нацыянальны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Што гэта значыць на сённяшні дзень?
— Для мяне гэта вельмі важна, і не толькі для мяне, што бельскі абрадавы ручнік знайшоў сваё месца і быў унесены ў спіс нематэрыяльнай спадчыны. Усяго на сёння ў Польшчы ўключана 107 ініцыятыў. Гэта першы запіс з Падляшскага ваяводства. Увесь гэты працэс я прайшла сама: я напісала заяўку. Са мной супрацавалі сябры майстэрні падляшскага народнага рамяства, якую я заснавала і якая працуе пры Бельскім Доме культуры.
Таксама я супрацавала з дэпазітарыямі, гэта значыць з жанчынамі, для якіх ручнік і абрады з ім ёсць жывой традыцыяй, якія вышываюць гэтыя ручнікі, ствараюць карункі або ткуць іх. Увесь гэты працэс умыкаў шмат людзей. Было патрэбна падаць камісіі заяўку і паказаць, што гэта важная ініцыятыва і што гэта жывыя звычаі і абрады, якія працягваюць існаваць на тэрыторыі Бельскага павета. Інтарэс ахопліваў Бельскі павет да 1952 года, бо ў гэтым годзе з вялікага Бельскага павета былі вылучаны паветы Гайнаўскі і Семятыцкі. Таму мяне цікавіла менавіта тая тэрыторыя.
РР: То бок тэрыторыя бельскага ручніка нашмат большая за цяперашнія адміністрацыйныя падзелы? Ці, можа, ён нават выходзіць за межы Польшчы ў Беларусь?
— Я проста не брала гэтага пад увагу, бо цяпер мы не супрацуем з інстытуцыямі з другога боку мяжы. Але пяць ці шэсць гадоў таму мы супрацавалі, паказвалі бельскія ручнікі з падляшскіх тэрыторый у Гародні і ў некаторых іншых месцах. Але цяпер я ахопліваю толькі тэрыторыю Польшчы.
РР: Калі ласка, дайце апісанне гэтага ручніка, каб мы адразу маглі яго ўявіць і зразумець, што гэта ён.
— Бельскі ручнік асаблівы тым, што гэта жывая традыцыя. На большай частцы поўначы Падляшша, у нашым ваяводстве, ручнікі захоўваюцца ў музеях або ў куфрах. Яны ёсць матэрыяльнай спадчынай, але ўжо не выкарыстоўваюцца ў вясельных, пахавальных абрадах, у сямейных звычаях і абрадах сельскіх супольнасцяў.
Для мяне бельскі ручнік вельмі важны, бо ў Беларусі, напрыклад, ручнікі таксама ёсць часткай традыцыі і маюць свае адрозненні ў залежнасці ад вёскі, раёну ці вобласці. У нас у выпадку бельскага ручніка ён пераходзіў з жанчынай. Калі жанчына выходзіла замуж, ручнік пераходзіў у новую вёску, бо звычайна жанчына пераязджала ў дом мужа.
Да Першай сусветнай вайны бельскія ручнікі ткаліся, узоры на іх былі тканыя, выбіраліся і аздабляліся крыжыкавым вышываннем чырвона-чорнымі або чырвона-сінімі колерамі. Арнаменты былі геаметрычныя, але таксама з’яўляліся раслінныя і кветкавыя ўзоры.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
З “Госцяй Рацыі”, даследчыцай бельскага абрадавага ручніка Алінай Дэмбоўскай, камунікавала Вольга Сямашка.





Фота з архіва Аліны Дэмбоўскай.
Беларускае Радыё Рацыя






