Пытанні беларускай адукацыі ў Польшчы: два пункты, над якімі працуе зараз Аб’яднаны пераходны кабінет. Першы, беларускамоўная адукацыя на Падляшшы для меншасці. Пад пагрозай апынулася вывучэнне беларускай мовы ў ліцэях у Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім, там яе могуць зрабіць неабавязковым прадметам.

Гэта пытанне абмяркоўваецца, як з лакальнымі ўладамі, так і на ўзроўні міністэрства адукацыі Польшчы, кажа прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык:
– Для нас гэта адна з вельмі важных тэмаў. Быць можа падаецца, што для беларусаў Варшавы, або Уроцлава, што гэта так далёка, але мы разумеем важную ролю для беларускай адукацыі ў ліцэях. І мы разумеем наколькі важна захаваць беларускую ідэнтычнасць. Мы разумеем, што зараз адбываюцца змены ў адміністрацыі. Назіраем, як будзе вырашацца.
Другое пытанне, дзеці беларусаў ў польскіх школах не могуць вывучаць беларускую мову, як мову меншасці – паколькі такая магчымасць прадугледжаная толькі для польскіх грамадзян. А ў большасці беларусаў, якія пераехалі пад ціскам рэпрэсій на Радзіме – няма польскага пашпарта. “Над гэтым пытаннем таксама працуем з міністэрствам,” – працягвае Аліна Коўшык:
– У польскіх школах навучаецца 26 тысяч беларускіх дзяцей. Гэта досыць шмат. Нам вельмі хацелася, каб дзеці вымушаных беларускіх уцекачоў і эмігрантаў мелі магчымасць навучання беларускай мовы. Беларускай мове могуць навучацца толькі тыя дзеці, якія маюць польскае грамадзянства. Разумеем, што так пабудавана адукацыйнае права ў Польшчы. Таму мы тут накіравалі просьбу, ці можна было б папрацаваць над гэтым пытаннем.
І таму ствараецца працоўная група пры міністэрстве адукацыі Польшчы, дадае Аліна Коўшык.
Беларускае Радыё Рацыя