BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аліна Ткачык: Працуем над выпускам асістэнтаў для мігрантаў з Украіны і Беларусі на Падляшшы

З 1 ліпеня Польшча прыпыніла частку льготаў для бежанцаў з Украіны. У тым ліку спынена аднаразовая дапамога ў памеры 300 злотых для новых бежанцаў з Украіны, як і шматразовая – па  40 злотых у дзень на чалавека семʼям, якія прымаюць украінцаў.

«Першая рэакцыя ўкраінскай дыяспары – жаданне больш ведаць і весці дыялог з уладамі пра змены і тыя льготы, якія яшчэ засталіся, а для гэтага патрэбныя асістэнты для мігрантаў на Падляшшы», – кажа прэзідэнт таварыства «Тандэм», дырэктарка беластоцкай моўнай школы Leksyk-On Аліна Ткачык, якая і стала «Госцяй Рацыі»:

-Я прадстаўляю таварыства «Тандэм», мы зарэгістраваліся 24 лютага 2024 года – гэта дата для нас вельмі важная. Плануем нашую дзейнасць у кірунку дапамогі і падтрымкі мігрантам з розных краін, не толькі з Украіны. Але гэтая дапамога будзе выглядаць так: кансультацыі для дарослых, а таксама дапамога дзецям у пытаннях асветы, складнасцяў у навучанні, адаптацыі ці інтэграцыі. І гэта будзе тычыцца не толькі дзяцей і дарослых з Украіны,  але і іншых мігрантаў. Плануем дзейнасць і падтрымку міжкультурных асістэнтаў, якія будуць з верасня уваходзіць у вялікай колькасці ў беластоцкія школы. Ведаю, што такая акцыя запланаваная па ўсёй Польшчы. Але мы глядзім  праз прызму нашага Беластока. Плануем асветніцкія курсы для міжкультурных асістэнтаў, а таксама плануем курсы польскай мовы, або індывідуальныя заняткі для вучняў польскіх школ, каб палегчыць ім вывучэнне польскай мовы, даць магчымасць атрымання імі адпаведных адзнакаў і арганізаваць адпачынак.

РР: То бок, да вас могуць звяртацца і беларусы?  

Аліна Ткачык: Так, мы нават запрашаем беларусаў. У нас няма нейкіх закрытых магчымасцяў для іншаземцаў з розных краін, ведаем, што яны бежанцы з розных краін, у тым ліку і расейцы.  Таму мы адкрытыя для дапамогі ўсім, хто яе патрабуе.

РР: Адукацыйныя мажлівасці, пра якія Вы распавядаеце, яны даступныя для ўсіх дзяцей і дарослых? Ці ёсць градацыя?

Аліна Ткачык: З 15 ліпеня мы распачынаем летнія заняткі для дзяцей – жыхароў Беластока. Гэта будуць бежанцы з Украіны і іншых краін, а таксама палякі. І мы раздзяляем дзяцей на дзве катэгорыі – малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Але таксама розныя заняткі мы будзем раздзяляць паводле ўзросту, каб лепш патрапіць у мэтавую катэгорыю дзяцей альбо дарослых. Каб лепш ім дапамагчы і адпавядаць іхным патрабаванням.

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя