Беларусы ў Польшчы цяпер аб’ядноўваюцца, каб мець свой голас і прадстаўніцтва. Журналіст і медыяменеджар Аляксей Дзікавіцкі днямі зарэгістраваў Таварыства Беларускай дыяспары ў Польшчы.

Сярод іншага Таварыства будзе працаваць з усімі важнымі пытаннямі дыяспары, у тым ліку вакол стварэння беларускай школы і доступу да дапамогі 800+. Бо прыблізна 300 тысяч беларусаў жывуць у Польшчы, але пакуль няма ні беларускай школы, ні адзінай арганізацыі, якая магла б прадстаўляць іх інтарэсы перад дзяржаўнымі інстытутамі.
Сёння ў праграме “Госць Рацыі” — Аляксей Дзікавіцкі, старшыня Праўлення Таварыства Беларускай дыяспары ў Польшчы. Ён раскажа пра асноўныя задачы арганізацыі, пра тое, як будзе фармавацца яе структура, і якія магчымасці адкрывае такая ініцыятыва для беларусаў у Польшчы.
РР: Мы з вамі раней гаварылі, што трэба стварыць арганізацыю для падтрымкі беларускай дыяспары. Што ў выніку атрымалася? Што зарэгістравана і з чым вас можна павншаваць?
Аляксей Дзікавіцкі: На дадзены момант напрыканцы мінулага тыдня атрымалі інфармацыю, што зарэгістраванае Таварыства, якое называецца «Таварыства Беларускай дыяспары ў Польшчы». Мы атрымалі афіцыйную рэгістрацыю. Павіншаваць можна з гэтым. Але пачатак працы перад намі. І мы зараз рэгулярна сустракаемся, каб вырашыць перадусім фармальныя розныя справы, якія тычацца інтэрнэт-старонкі, адрасу, нашай праграмнай дэкларацыі. Так што мы пакуль на пачатковым этапе.
РР: Сапраўды віншуем, таму што словы словамі, а ўчынкі ўчынкамі. Калі можна пару словаў, якую вы зараз пазіцыю займаеце ў гэтай арганізацыі.
Аляксей Дзікавіцкі: Дзеля таго, каб падаць паперы на рэгістрацыю, трэба было выбарць шэраг органаў, трэба было стварыць праўленне, выбраць старшыню праўлення, а таксама рэвізійную камісію і г.д. І я цешуся, што калегі даверылі мне пасаду старшыні праўлення. Паспрабую, прынамсі ў бліжэйшыя два гады, бо ў нас паводле статуту кіраўніцтва і іншыя органы абіраюцца на два гады, зрабіць так, каб нашая арганізацыя была заўважанай, пачала рабіць пэўныя справы на карысць беларускай дыяспары, якая за апошнія гады ў Польшчы стала вельмі вялікай і заўважнай.
РР: Што тычыцца самой формы Таварыства, калі перавесці ў беларускія рэальнасці, гэта больш нагадвае грамадскае аб’яднанне, куды можа ўступаць кожны і быць сябрам арганізацыі, ці гэта больш нагадвае фонд, які займаецца канкрэтнай дзейнасцю, вылучае сродкі на канкрэтныя напрамкі, і там не вельмі шмат людзей.
Аляксей Дзікавіцкі: Так, гэта як недзяржаўная арганізацыя. Да нас вядома можна далучыцца, ёсць розныя формы сяброўства, гэта можа быць сяброўства іншай арганізацыі, гэта можа быць непасрэднае сяброўства, можа быць сяброўства ганаровае. Гэта ўсё прапісана ў статуце, і неўзабаве гэты статут будзе даступны, калі мы створым сваю старонку. Мы не фонд, у нас няма ніякіх сродкаў, тыя людзі, якія працуюць у гэтай арганізацыі, на дадзены момант гэта толькі восем чалавек, гэта ўсе людзі, якія працуюць на асноўных працах, прысвячаюць свой уласны час і энергію на працу арганізацыі. Канешне, да нас можна далучыцца, але мы, адразу скажу, будзем даволі асцярожна ставіцца, дзеля таго, каб далучыцца да Таварыства, трэба мець рэкамендацыі прынамсі двух заснавальнікаў арганізацыі. Такім чынам мы хацелі б не дапусціць непажаданых уплываў у арганізацыі. Мы бачым, што цяпер розныя службы вельмі актыўнічаюць, што тычыцца ўвогуле беларускіх арганізацый, якія ёсць за мяжой, незалежна ад таго, палітычная гэта арганізацыя, ці не. Таму мы будзе ставіцца да гэтага вельмі ўважліва.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






