Карныя органы лукашэнкаўскага рэжыму ў сваёй уседазволенасці жорстка рэпрэсуюць законапаслухмяных беларусаў, які сказалі ў 2020 сваё «не» рэжыму. Наўмысна выціскаюць іх з краіны, нават нягледзячы на хваробы і інваліднасці.

З катэгорыі такіх аказаўся госць Беларускага Радыё Рацыя, былы палітвязень Аляксей Раманаў:
РР: Колькі вы адбылі ў вязніцы?
— У вязніцы я адбыў год за абразу так званага прэзідэнта, Лукашэнкі. Гэта было ў 2020 годзе, 16 снежня мяне судзілі. 23 лістапада 2021 года я выйшаў.
РР: Чаму вам давялося выехаць? Сёння вы прыехалі сюды?
— Так. Я яшчэ трываў, думаў, што ўсё супакоіцца. Думаў, што ўжо ніхто мяне не будзе чапаць, правяралі, ну і добра. Але ж не, пачалі здзеквацца, заўжды праверкі начныя, дзённыя, несанкцыянаваныя ператрусы, проста нахабнічаюць. Яны там усё ведаюць, палітзняволеных засталося мала, актывістаў у Беларусі, маю на ўвазе. Яны ведалі ўсё, проста маглі на вуліцы спыніць, абшукаць. Тэлефоны заўжды патрабавалі, грошы скралі. Забралі ў мяне, 600 рублёў было з сабой. Проста ў горадзе.
РР: Проста ў вас у кішэні былі?
— Так. Да мяне падыходзілі, абшуквалі так званыя працаўнікі міліцыі. На працу мяне нікуды не бралі. Я вось інвалід другой групы, у мяне выдаленыя колькі важных органаў — селязёнка, трэцяя частка страўніка, чвэрць падстраўнікавай залозы, рак у мяне. Была другая група інваліднасці. Забралі групу, увогуле забралі. На працу нікуды, у іх ёсць указанні. Мне проста так у твар сказалі, што ёсць указанні, палітзняволеных, усіх гэтых змагароў, нікуды не браць на дзяржаўную працу, увогуле нікуды. У мяне некалькі спецыяльнасцяў, і я не мог нідзе ўладкавацца.
РР: Хто вы па спецыяльнасці?
— Я маляр-тынкар, плітачнік, аздобнік, бетоншчык, стропальшчык, мантажнік магістральнага газаводу. Працаваў майстрам дарожных работ, майстрам сам дарожных работ, дарожнік. У прынцыпе, я магу многа чаго рабіць.
РР: Скажыце, ну як гэтыя гады вы жылі без работы?
— Я працаваў, чаму? Ну, я прыватна больш людзям дапамагаў, штосьці там, ну, таму што, ведаеце, як…
РР: То бок неафіцыйна?
— Так, у асноўным неафіцыйна. Дзяржаўныя расцэнкі вельмі высокія, вельмі дзікія. Ну, напрыклад, на аздабленне, на рамонт і аздабленне жылых будынкаў, там, жылых памяшканняў. А я рабіў танней. Раблю якасна, стараюся. Тым больш ужо колькі гадоў працую. Больш за 30 гадоў я так працую. Я яшчэ са школы пачынаў працаваць, ну, як з дзіцячага дома. Вокны мыў людзям тады яшчэ ў дзяцінстве. Ну, а потым ужо вырас, так працую.
РР: А сям’я ёсць у вас?
— Так, у мяне ёсць сям’я. Дзве дачкі, тры ўнучкі.
РР: Там у Беларусі жывуць?
— Так, яны ў Беларусі. Я вось баюся, каб не сталі іх там…
РР: Душыць?
— Так, яны абяцалі мне, што будуць меры прымаць.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
З госцем Беларускага Радыё Рацыя, былым палітвязнем Аляксеем Раманавым размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя