Замест Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету па футболе і хакеі, гонкі Формула-1 — турнір па кіданні каровіных ляпёшак. З году ў год ягоная папулярнасць толькі расце: аказваецца, сярод гледачоў былі не толькі жыхары з розных рэгіёнаў РФ, але і замежныя турысты.

Як і ў кожным відзе спорту, тут ёсць свой рэкорд – але сёлета яго пабіць не ўдалося. Бо палёт ляпёшкі на 64 метры – паказчык даволі сур’ёзны. Ці то ўдзельнікі недастаткова таленавітыя, ці то патэнцыйныя рэкардсмены пайшлі на СВА. Бо гэта вам не радзільню ў Харкаве дронам атакаваць! Тут голымі рукамі трэба працаваць.
Раней турнір фінансавала Міністэрства культуры РФ, але сам “спартыўны інвентар” выдаткаў не патрабуе – яго лёгка можна знайсці на мясцовых лугах. Праўда, гавораць, што некаторым удзельнікам не шанцуе, і ён рассыпаецца проста ў руках. Прызы для пераможцаў – годныя: садовыя арэлі і ўзбекскі казан. Калі параўноўваць з падарункамі радзінам загінуўшых акупантаў, дык тут яшчэ пашчасціла: “герояў СВА” ацэньваюць у эквіваленце кілаграма пяльменяў.
Без пастамента і медаляў, затое весела. Можа, і не такі чэмпіянат, пра які яны марылі, але – без сумневу – той, якога заслужылі. Там «русский дух, там Русью пахнет». Ва ўсіх сэнсах.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






