46% жыхароў Польшчы адчуваюць непрыязнасць да беларусаў, яшчэ 26% ставяцца да беларусаў абыякава, і 19% — станоўча. Пра гэта сведчаць вынікі студзеньскага апытання польскага Цэнтру даследаванняў грамадскай думкі.

Цэнтр штогод высвятляе стаўленне палякаў да прадстаўнікоў 21 этнасу. Беларусы знаходзяцца ў канцы спісу. Горш, чым да беларусаў, палякі ставяцца толькі да ромаў і расейцаў.
Больш за ўсё сімпатыі ў палякаў выклікаюць італьянцы (58%), а таксама суседзі — чэхі (55%) і славакі (52%). Далей ідуць англічане (49%) і амерыканцы (47%).
Ровень сімпатый да беларусаў у апошнія гады зніжаецца. У 2024 годзе ён складаў 24%, летась — 20%, сёлета — 19%. На стаўленне да беларусаў уплывае тое, што дзяржава Беларусь заангажаваная ў расейскую агрэсію супраць Украіны, а таксама міграцыйны крызіс на мяжы, які інспіраваны лукашэнкаўскімі ўладамі.






